ВЦІОМ: у Расіі лічаць Беларусь самай паспяховай і надзейнай сярод краін СНД

Навіны
Фото: Blake Weyland, unsplash.com

Аналiтычны цэнтр ВЦІОМ прадставіў дадзеныя даследавання, прысвечанага ўспрыманню паспяховасці і надзейнасці краін постсавецкай прасторы ў расійскім грамадстве. Беларусь апынулася ў вачах расіян самай паспяховай і самай надзейнай.

Апытанне праводзілася па тэлефоне 3 красавіка 2026 года. У ім прынялі ўдзел 1600 расіян ва ўзросце ад 18 гадоў. Дадзеныя ўзважаныя па сацыяльна-дэмаграфічных параметрах. Гранічная хібнасць выбаркі з верагоднасцю 95% не перавышае 2,5%.

Не зусім зразумела, па якім прынцыпе суседнія з Расіяй краіны былі ўключаныя ў апытанне. Грузія, Украіна і Малдова ўжо не ўваходзяць у СНД, Туркменістан – асацыяваны член (не поўны ўдзельнік), а постсавецкія Літва, Латвія і Эстонія ў спіс не трапілі.

ВЦІОМ упарта працягвае называць нашу краіну “Белоруссия”.

“Белоруссия захоўвае статус абсалютнага лідара па крытэрыях паспяховасці і надзейнасці партнёрства. Тры чвэрці расіян (75%) лічаць яе найбольш паспяховай краінай рэгіёна, а 83% называюць надзейным партнёрам на міжнароднай арэне. Па гэтых паказчыках за 10 гадоў адзначаецца ўпэўнены рост (на 7 і 17 п.п. адпаведна). Такая дынаміка, безумоўна, прадыктаваная глыбокай эканамічнай інтэграцыяй у рамках Саюзнай дзяржавы, сумеснымі імпартазамяшчальнымі праектамі, адзінай транспартнай і энергетычнай прасторай”, – лічаць у ВЦІОМ.

Цікава, як расійскія сацыёлагі растлумачылі нізкія ацэнкі Украіны і Малдовы. Ні пра якую вайну няма ніякіх згадванняў – уся справа ў “размыванні агульнага сацыяльна-эканамічнага падмурка і разрыве інстытуцыянальных сувязяў”.

“У грамадскай свядомасці гэтыя дзяржавы страцілі статус партнёраў, перамясціўшыся за контур інтэграцыйнай павесткі”, – упэўненыя ў ВЦІОМ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.