Варшаўскі Палац культуры і навукі 9 жніўня зноў стане бела-чырвона-белым

Галоўнае
Фото: t.me/cbs_help

Варшаўскі Палац культуры і навукі 9 жніўня зноў падсвецяць у бела-чырвона-белых колерах. Такое рашэнне прыняў мэр польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі ў адказ на зварот намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

З 18:00 да поўначы 9 жніўня фасад будынка будзе асветлены ў колерах нацыянальнага сцяга Беларусі, паведамілі ў прэс-службе АПК. Акцыя прымеркаваная да шостай гадавіны пачатку масавых пратэстаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Паведамляем, што спадар Прэзідэнт даў згоду на падсветку фасада Палаца культуры і навукі ў колерах свабоднай Беларусі», — гаворыцца ў афіцыйным адказе мэрыі Варшавы.

Павел Латушка падзякаваў мэру Варшавы за гэтае рашэнне, назваўшы яго сімвалічным, але важным жэстам падтрымкі.

«Дзякуючы такой увазе мы адчуваем, што тэма свабоднай Беларусі застаецца важнай для Польшчы і Варшавы», — заявіў ён.

«Мы глыбока цэнім тую падтрымку, якую Польшча аказвае беларускаму народу на працягу гэтых шасці гадоў — найбольш цяжкіх і цёмных старонак у гісторыі незалежнай Беларусі. У часы, калі беларусы штодня сутыкаюцца з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі, маштаб якіх не змяншаецца, Польшча і польскі народ паказалі, што значыць быць сапраўдным суседам», — падкрэсліў палітык.

У гэты ж дзень у цэнтры Варшавы запланаваны мітынг, прысвечаны шостай гадавіне выбараў 2020 года. Ён пачнецца а 18:00 каля помніка Мікалаю Каперніку. Таксама арганізатары запрашаюць ахвочых зарэгістравацца для ўдзелу ў канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбудзецца ў польскай сталіцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.