Праваабаронцы заяўляюць пра сістэмныя праблемы з прадастаўленнем прытулку ў Беларусі

Галоўнае
Фото: t.me/customs_bel

Беларускія праваабарончыя арганізацыі Respect-Protect-Fulfill (RPF) і Human Constanta апублікавалі аналітычны даклад «Міжнародная абарона ў Беларусі: заканадаўства і практыка», прысвечаны працы сістэмы прадастаўлення прытулку ў краіне.

Паводле слоў аўтараў, гэта першае комплекснае даследаванне, якое аналізуе беларускае заканадаўства аб міжнароднай абароне і практыку яго прымянення. Даклад заснаваны на амаль 10 гадах працы арганізацый з вымушанымі мігрантамі і маніторынгу парушэнняў іх правоў.

Як адзначаецца, калі ў першыя дзесяцігоддзі незалежнасці мігранты разглядалі Беларусь пераважна як транзітную дзяржаву, то з сярэдзіны 2010-х гадоў попыт на атрыманне абароны ў краіне ўзрос. Хваля міграцыі з расійскіх рэспублік Паўночнага Каўказа, агрэсія Расіі супраць Украіны і наступнае поўнамаштабнае ўварванне, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і дзяржаў ЕС — абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне прывяло да павелічэння колькасці суіскальнікаў абароны ў Беларусі.

Паводле ацэнкі праваабаронцаў, нягледзячы на тое, што беларускае заканадаўства ў сферы прадастаўлення прытулку ў цэлым адпавядае міжнародным стандартам, на практыцы існуюць сістэмныя праблемы. У дакладзе адзначаецца, што перашкоды ўзнікаюць на ўсіх этапах працэдуры — ад падачы заявы да судовага абскарджання адмоваў. Напрыклад, паводле даных УВКБ, з 2014 па 2024 год у Беларусі было ўсяго два выпадкі паспяховага судовага перагляду ў справах аб адмове ў прытулку: адзін у 2014 годзе і адзін у 2016 годзе.

Асобныя раздзелы даследавання прысвечаныя ўмовам утрымання суіскальнікаў прытулку пад вартай і выкананню прынцыпу невысылкі, які забараняе вяртаць чалавека ў краіну, дзе яму могуць пагражаць пераслед, катаванні або жорсткае абыходжанне.

Праваабаронцы паведамляюць пра выпадкі ціску на мігрантаў, адмовы ў прыёме заяў аб прадастаўленні прытулку і выдварэнне людзей, нягледзячы на іх намер звярнуцца па міжнародную абарону або абскардзіць адмову.

«У той жа час, пры ўсёй сістэмнасці парушэнняў, нельга сказаць, што Беларусь цалкам ігнаруе свае абавязацельствы. Практыка прадастаўлення абароны моцна вар’іруецца: у залежнасці ад кантэксту міграцыі і краіны паходжання канкрэтнага чалавека, палітычных матываў уладаў. Напрыклад, у групе рызыкі парушэння правоў будуць мігрант:кі з краін, дружалюбных да ўладаў Беларусі, якіх на радзіме вышукваюць паводле крымінальных абвінавачанняў, а грамадзян:кі Украіны, хутчэй за ўсё, атрымаюць абарону», — заявіў Мікіта Мацюшчанкаў, дырэктар RPF і адзін з аўтараў даклада.

Праваабаронцы адзначаюць, што пасля падзей 2020 года і наступных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці незалежная інфраструктура дапамогі мігрантам у Беларусі была практычна разбураная.

«Незалежныя арганізацыі падвергліся ліквідацыі і пераследу, а дзейнасць незарэгістраваных ініцыятыў была крыміналізаваная. У выніку юрыдычная, гуманітарная і медыцынская дапамога мігрант:кам стала фактычна недаступнай, а праваабарон:цы і валанцёр:кі былі вымушаныя пакінуць краіну або сутыкнуліся з пераследам. Human Constanta была прымусова ліквідаваная ў 2021 годзе, а яе офісы ў Мінску і Брэсце закрытыя ў снежні 2022 года. Нягледзячы на гэта, мы вырашылі працягнуць працу з мігрант:камі і суіскальні:цамі прытулку, што стала асабліва важным на фоне гуманітарнага крызісу, які пачаўся ў Беларусі і на яе межах з краінамі ЕС летам 2021 года», — адзначае прававы аналітык Human Constanta і суаўтарка даклада Алена Чаховіч.

Паводле слоў аўтараў, дакумент ужо быў прадстаўлены замежным партнёрам. Яны разлічваюць, што даследаванне будзе выкарыстоўвацца пры разглядзе міграцыйных спраў і ацэнцы сітуацыі з прадастаўленнем міжнароднай абароны ў Беларусі.

Азнаёміцца з поўнай версіяй даклада можна па спасылцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.