Працы па стварэнні беларускага даільнага робата ідуць павольна. На гэта ўказвае рэпліка Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання Брэста.
«Каранкевіч (віцэ-прэм’ер — заўв.), вунь не можа з Прадко (гендырэктар «Гарызонта») зрабіць робата. Усё цялёпкаюцца і цялёпкаюцца. Дай бог, да канца года нешта з тваёй дапамогай зробіць», — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка.
Нагадаем, макет даільнага робата быў паказаны Аляксандру Лукашэнку ў апошні дзень мінулага года падчас наведвання «Гарызонта». На відэаматэрыялах можна было ўбачыць кардонную выяву каровы ў поўны рост, побач з якой стаяў маніпулятар, падобны на прамысловага робата, які, мяркуючы па ўсім, павінен надзяваць даільныя стаканы на вымя. Ніякага іншага абсталявання, якое звычайна ўваходзіць у склад рабатызаваных даільных сістэм, паказана не было.
Прэс-служба Лукашэнкі тады пісала, што быў прадстаўлены макет аўтаматызаванай даільнай устаноўкі на аснове рабатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту. Адзначалася, што «прадукт пакуль не гатовы да масавай вытворчасці, але працэс ідзе».
Верагодна, цяпер працэс ідзе ўжо не так, як трэба, калі меркаваць па рэпліцы Лукашэнкі.
