Аляксандр Лукашэнка прыпісаў сабе чарговы подзвіг — выратаванне Белавежскай пушчы ад караеда.
Лукашэнка даручыў прыбраць з пушчы паваленыя дрэвы, нягледзячы на рэкамендацыі навукоўцаў.
«Я незадаволены тым, што робіцца ў Белавежскай пушчы. Трэба парадак наводзіць. Усе паваленыя дрэвы высекчы на дровы, пасекчы і гэтак далей», — загадаў Лукашэнка, наведваючы Брэсцкую вобласць 30 ліпеня.
«Паваленыя забараняе навука», — паспрабаваў запярэчыць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.
«Я табе дазваляю. «Навука». Я памятаю, стаў прэзідэнтам, яшчэ саплівым быў. Гэта выратавала Белавежскую пушчу. Цяпер бы я яшчэ думаў, на навуку арыентаваўся. Караед. Ой нельга, ой нельга. Падаюць дрэвы, караед разводзіцца, пушча знішчаецца. А старыя прыйшлі, кажуць: «Дзетка, трэба высякаць гэта і прыбіраць, бо загіне ўсё». Навука і старыя. Я кажу, усё сячэм. Выратавалі пушчу. Капут бы быў гэтай пушчы. Вось табе навука», — расказаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што навукоўцы могуць весці назіранні на запаведнай тэрыторыі, дзе забароненая ўся дзейнасць чалавека, а на астатніх участках трэба прыбіраць дрэвы.
«Таму там, дзе трэба — прыбіраць. У нас жа ёсць запаведная тэрыторыя, дзе нельга ні секчы, ні касіць, ні грыбы збіраць. Ну і добра, няхай ездзяць і глядзяць гэтыя навукоўцы. А ў пушчы трэба наводзіць парадак», — даручыў Лукашэнка.
