У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава «Археалагічныя адкрыцці Крэва: Знаходкі з замку, гарадзішча і мястэчка», падрыхтваная сумесна з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
На выставе прадстаўлены знойдзеныя археолагамі артэфакты з розных аб’ектаў на тэрыторыі Крэва, – піша тэлеграм-канал Інстытута гісторыі.

У 2023 годзе на раскопках замка, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча, былі знойдзены падмуркі, а ў 2025 годзе раскапаны перыметр Трэцяй вежы. Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае две вежы. На выставе паказалі складанапрафіляваную цэглу нэрвюраў скляпенняў Княжацкай вежы і новаадкрытай Трэцяй вежы. Таксама тут дэманструецца архітэктурна-будаўнічая кераміка замка і інструменты будаўнікоў Крэўскага замку XIV стагоддзя – кельмы крэўскіх майстроў.

Артэфакты Крэўскага гарадзішча рэпрэзентуе рамёствы і элітарную культуру жыхароў гэтага паселішча раннеўрбаністычнага тыпу ХІІІ – пачатку XIV стагоддзя. Прыцягвае ўвагу фрагмент прасліца, вырабленай з оўруцкага шыферу – на ім можна разглядзець наяўнасць паўсцёртага надпісу. Упершыню ў музейнай прасторы выстаўлена накладка з Ліможскімі эмалямі пачатку ХІІІ стагоддзя. Такая знаходка – вельмі рэдкая ва ўсёй Усходняй Еўропе.

У 2024—2025 гадах у Крэва была знойдзена ганчарная майстэрня XVII cтагоддзя, вырабы і нарыхтоўкі з якой прадстаўлены на выставе. Увагу прыцягваюць традыцыйныя крэўскія свісцёлкі, вядомыя пад назваю «кукуці». Археолагі знайшлі вырабы сярэдзіны XVII cтагоддзя, але падобныя былі свісцёлкі-кукуці вядомыя ў Крэва і ў ХХ стагоддзі свісцёлкі вырабляліся як у выглядзе птушачак, так і вершнікаў на конях.

Упершыню на выставе прадстаўлены арабскія дзірхамы Х стагоддзя знойдзеныя ў ваколіцах Крэва. Гэтую калекцыю манет можна лічыць трэцім Ракавецкім скарбам.
Выстава ў Смаргонскім музеі працуе да канца жніўня 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
