У Польшчы, верагодней за ўсё, упала расійская крылатая ракета Х-101. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск. Раней пра тое, што ў паветраную прастору заляцела ракета гэтага тыпу, заявілі ў МЗС Украіны.
«Адпаведныя службы, у першую чаргу, гаворка ідзе пра вайскоўцаў, уключаючы нашых пілотаў, самалёты адрэагавалі вельмі хутка і эфектыўна», — сказаў Туск.
Ён падкрэсліў, што хоць ракета і ўпала, але польскія вайскоўцы былі гатовыя збіць яе, калі б яна паляцела далей.
«Пакуль усё паказвае на тое, што мы маем справу з расійскай ракетай Х-101, але не будзем апярэджваць вынікі дэталёвага абследавання, хочам мець 100-працэнтную ўпэўненасць, што гэта за ракета і хто яе запусціў, ці была дэтанацыя баявой часткі або выбух у выніку падзення», — дадаў прэм’ер-міністр.
Віцэ-прэм’ер, кіраўнік Мінабароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што ва ўкраінскай паветранай прасторы было выяўлена больш за 20 аб’ектаў, якія маглі ўяўляць патэнцыйную небяспеку для Польшчы. Паводле яго слоў, украінскія МіГ-29 таксама дзейнічалі паблізу мяжы, у каардынацыі з польскімі партнёрамі. Ён таксама паведаміў, што пра інцыдэнт праінфармаваныя саюзнікі па НАТА.
Нагадаем, сёння ноччу польскія вайскоўцы накіроўвалі знішчальнік F-16 на перахоп неапазнанага аб’екта, які заляцеў у паветраную прастору краіны. Аднак аб’ект знік з радараў да таго, як з ім быў устаноўлены візуальны кантакт. У меркаванае месца падзення аб’екта быў накіраваны верталёт. Пазней у незабудаванай мясцовасці каля населенага пункта Тарнава-Калонія прыкладна за 90 км ад мяжы з Украінай была выяўлена 10-метровая варонка і абломкі аб’екта. Мясцовыя жыхары чулі ноччу магутны выбух.
Паводле даных Паветраных сіл УСУ, Расія сёння выкарыстала 61 ракету Х-101. Украінская СПА змагла збіць 54 ракеты гэтага тыпу, зафіксавана траплянне 2 крылатых ракет.
Х-101 — гэта расійская стратэгічная крылатая ракета «паветра-зямля». Яе максімальная далёкасць — 2,5-2,8 тыс. км. Знаходзіцца на ўзбраенні з 2013 года. Маса баявой часткі складае каля 400 кг, ракета таксама нясе 1,25 т паліва. Максімальная хуткасць — 0,78 хуткасці гуку. Можа аснашчацца аскепкава-фугаснай, фугаснай і касетнай баявымі часткамі.
