Узброеныя сілы Беларусі атрымалі дадатковыя задачы ў мірны час, а паняцце абароны краіны істотна пашырана. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі і абароны». Ён уступае ў сілу пасля апублікавання.
Пры ўнясенні праекта дадзенага закона ў Палату прадстаўнікоў паведамлялася, што ён распрацаваны для рэалізацыі палажэнняў Ваеннай дактрыны, зацверджанай на УНС. Адпаведныя змены ўносяцца ў законы «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб ваенным становішчы».
Законам пашырана вызначэнне абароны Беларусі. Калі раней яна ўяўляла сабой сістэму прававых, палітычных, эканамічных, ваенных, сацыяльных і іншых мер, якія забяспечваюць ваенную бяспеку краіны, то цяпер абарона трактуецца значна шырэй, у прыватнасці ў паняцце ўключана абарона канстытуцыйнага ладу.
“Абарона Рэспублікі Беларусь — сістэма прававых, палітычных, эканамічных, ваенных, сацыяльных і іншых мер, якія ажыццяўляюцца з мэтай абароны суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Асновай абароны з’яўляецца ўзброеная абарона Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў новай рэдакцыі.
У адпаведнасці з законам, пры ўвядзенні ваеннага становішча Міністэрства абароны будзе выконваць функцыі выканаўчага органа Савета бяспекі ў сістэме стратэгічнага кіравання Узброенымі сіламі, іншымі войскамі, воінскімі фарміраваннямі і ваенізаванымі арганізацыямі пад непасрэдным кіраўніцтвам галоўнакамандуючага.
У законе «Аб Узброеных сілах» у новай рэдакцыі выкладзены артыкул аб задачах УС. Змены датычацца ў асноўным задач у мірны час. Так, у мірны час Узброеныя сілы ў выпадку прыняцця закона будуць мець наступныя задачы:
- падтрыманне баявога патэнцыялу, уключаючы баявую і мабілізацыйную гатоўнасць войскаў (сіл), на ўзроўні, які забяспечвае ваенную бяспеку і ўзброеную абарону Рэспублікі Беларусь;
- удзел у забеспячэнні ваеннай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку рэалізацыя мерапрыемстваў прэвентыўнага характару па ліквідацыі ваеннай пагрозы;
- удзел у недапушчэнні развязвання ўнутранага ўзброенага канфлікту, а ў выпадку яго развязвання — у яго вырашэнні;
- адбіццё ваеннай агрэсіі пры развязванні міжнароднага ўзброенага канфлікту;
- выяўленне ваенных небяспек і выключэнне раптоўнасці ўзнікнення ваенных пагроз Рэспубліцы Беларусь;
- удзел у стварэнні спрыяльных умоў у інфармацыйнай прасторы для дасягнення палітычных, эканамічных і іншых мэтаў, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам дзяржавы;
- ахова Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы;
- стварэнне і развіццё шматфункцыянальных абарончых сістэм з мэтай комплекснага вырашэння задач забеспячэння ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь;
- удасканаленне супрацьпаветранай абароны як адзінай баявой абарончай сістэмы Саюзнай дзяржавы;
- пастаянная гатоўнасць да прымянення выдзеленых сіл і сродкаў з мэтай ліквідацыі крызісных сітуацый, здольных прывесці да развязвання ўзброеных канфліктаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або дзяржаў — саюзнікаў Рэспублікі Беларусь;
недапушчэнне (лакалізацыя) ўзброеных інцыдэнтаў (акцый, правакацый), у тым ліку прыгранічных; - удзел у забеспячэнні ва ўзаемадзеянні з іншымі войскамі і воінскімі фарміраваннямі, ваенізаванымі арганізацыямі ваеннага становішча, рэжыму надзвычайнага становішча;
- правядзенне войскавай мабілізацыі і стратэгічнага разгортвання Узброеных Сіл (поўнага або частковага);
- падтрыманне на высокім узроўні маральна-псіхалагічнага стану асабовага складу.
У новай рэдакцыі перафармуляваны і ўдакладнены некаторыя задачы. Напрыклад, калі раней УС павінны былі ўдзельнічаць у вырашэнні ўнутранага ўзброенага канфлікту, то цяпер перад імі пастаўлена яшчэ і задача па недапушчэнні такога канфлікту.
Таксама з’явілася рэалізацыя мерапрыемстваў прэвентыўнага характару для ліквідацыі ваеннай пагрозы, недапушчэнне ўзброеных інцыдэнтаў у памежжы, пастаянная гатоўнасць да прымянення сіл і сродкаў у крызісных сітуацыях. Таксама новай задачай стане ўдзел у стварэнні спрыяльных умоў у інфармацыйнай прасторы для дасягнення палітычных, эканамічных і іншых мэтаў, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам дзяржавы.
Задачамі Узброеных сіл у ваенны час з’яўляюцца:
- узброеная абарона Рэспублікі Беларусь як самастойна, так і сумесна з узброенымі сіламі дзяржаў — саюзнікаў Рэспублікі Беларусь;
- нанясенне паражэння праціўніку і стварэнне перадумоў для спынення ваенных дзеянняў (заключэння міру) на ўмовах, якія не супярэчаць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
У закон «Аб ваенным становішчы» ў пералік падстаў для ўвядзення ваеннага становішча дададзены «акт узброенай агрэсіі з боку якой-небудзь дзяржавы або кааліцыі дзяржаў, здзейснены супраць Саюзнай дзяржавы, дзяржавы — члена Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы».