Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас у эфіры LRT пракаментаваў сённяшняе папярэджанне пра паветраную пагрозу ў Віленскай акрузе, якое было адменена пасля ідэнтыфікацыі аб’екта як метэазонда.
Паводле яго слоў, пасля атрымання інфармацыі пра магчымае парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі ў раёне Немянчына ў гатоўнасць былі прыведзены сілы Балтыйскай місіі паветранай паліцыі НАТА і вайсковыя верталёты, піша Delfi. Пасля таго як аб’ект быў ідэнтыфікаваны як метэазонд, пагроза была знятая.
«У гатоўнасць былі прыведзены сілы Балтыйскай місіі паветранай паліцыі НАТА, а таксама вайсковыя верталёты. Пазней аб’ект быў ідэнтыфікаваны як метэазонд, а не беспілотнік, таму паветраная пагроза была знятая. Тым не менш мы рэкамендуем захоўваць пільнасць, паколькі цягам дня могуць з’явіцца і іншыя падобныя аб’екты», — заявіў ён.
Віткаўскас растлумачыў, што аб’ект паводле сваіх параметраў мог быць прыняты за беспілотнік, таму былі задзейнічаны сілы, гатовыя пры неабходнасці яго нейтралізаваць. Усе працэдуры супрацьпаветранай абароны, паводле яго слоў, былі выкананы аператыўна і ў поўным аб’ёме.
У цяперашні час вядома толькі пра адзін аб’ект, які перасёк паветраную прастору Літвы. Тым не менш кіраўнік НЦУК не выключыў з’яўлення аналагічных аб’ектаў цягам дня і заклікаў жыхароў трымаць мабільныя тэлефоны пры сабе і сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі.