Праваабаронца Леанід Судаленка пракаментаваў заяву прапагандыста Ігара Тура на тэлеканале АНТ пра тое, што 196 чалавек са спісу палітычных зняволеных праваабарончага цэнтра «Вясна» нібыта знаходзяцца на волі.
Паводле яго слоў, недакладнасці ў базе даных узнікаюць праз умовы, у якіх працуюць праваабаронцы.
“Мы працуем не з доступам да дзяржаўных баз, а ва ўмовах поўнай закрытасці і страху ў грамадстве. Калі дзяржава хавае інфармацыю пра суды, памілаванні і вызваленні, а людзі пад страхам новых рэпрэсій баяцца публічнасці, натуральна, што частка звестак можа паступаць са спазненнем”, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
“Прапаганда абмяркоўвае не маштаб рэпрэсій, а тэхнічныя недакладнасці ў базе, створанай праваабарончай супольнасцю фактычна ў падпольных умовах. Нават калі нехта ўжо выйшаў на волю — гэта не адмяняе таго факта, што чалавек быў незаконна пазбаўлены волі і прызнаны палітвязнем”, — адзначыў ён.
Паводле даных «Вясны», на 12 чэрвеня палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 868 чалавек. Усяго з 2020 года гэты статус атрымалі 4655 чалавек.
Нагадаем, Ігар Тур сцвярджае, што некаторыя з 196 чалавек былі вызваленыя пасля суда, некаторыя выйшлі на волю па памілаванні, па амністыі або адбыўшы тэрмін. Ён пералічыў прозвішчы некаторых з іх: Алена Рыбак, Уладзіслаў Федаровіч, Вадзім Саскавец, Аляксандр Пімашэнка. З некаторымі людзьмі са спісу палітвязняў, якія знаходзяцца на волі, былі знятыя відэа.
Цікава, што прапагандыст сам тлумачыць прычыну, па якой спісы праваабаронцаў могуць аказацца недакладнымі: палітвязні баяцца звязацца з праваабаронцамі, каб паведаміць ім пра сваё вызваленне, бо ў такім выпадку іх абвінавацяць у супрацоўніцтве з «экстрэмістамі».