Мытнікі пункта пропуску «Брэст» спынілі спробу кантрабанды больш як 2 кілаграмаў альфа-PVP, схаванага ў падлогавым кандыцыянеры.
Грамадзянін Беларусі перасякаў мяжу ў якасці пасажыра легкавога аўтамабіля. Ён выбраў зялёны калідор, прад’явіў да агляду кандыцыянер і заявіў, што не вязе забароненых тавараў. Аднак мытнік вырашыў праверыць прыладу з дапамогай рэнтгенаўскага абсталявання.
На сканаграме былі бачныя староннія ўкладанні. Пры ўскрыцці кандыцыянера выявілі 4 палімерныя пакеты з рэчывам зялёнага і ружовага колеру агульнай вагой больш за 2 кг. Экспертыза ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці пацвердзіла, што канфіскаванае рэчыва з’яўляецца псіхатропам альфа-PVP.
Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мытнікі ўстанавілі атрымальніка грузу. Высветлілася, што псіхатроп планавалася збываць у Мінску праз інтэрнэт-краму, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Брэсцкая мытня распачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 328-1 КК Беларусі. Санкцыя артыкула прадугледжвае 10 гадоў пазбаўлення волі.


