Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што ў найбліжэйшыя гады трэцяя лінія мінскага метро не будзе працягнута ў Зялёны Луг. Пра гэта ён паведаміў на сустрэчы з калектывам «Мінскрэкламы», адказваючы на пытанні супрацоўнікаў, піша «Мінск-Навіны».
Паводле слоў чыноўніка, замест метро ў раёне ўзмоцняць наземны транспарт і арганізуюць падвоз жыхароў да станцыі на плошчы Бангалор. Ён адзначыў, што ўсе неабходныя інжынерныя сеткі і інфраструктура будуць пабудаваныя, і ў будучыні, калі горад вернецца да будаўніцтва метро ў Зялёным Лузе, застанецца пракласці тунэлі.
На сустрэчы таксама прагучала пытанне пра падтапленні ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах. Кухараў паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца маштабная работа па замене труб водаадвядзення на трубы большага дыяметра. Пабудаваныя 50–60 гадоў таму, яны не былі разлічаныя на цяперашнія маштабы горада. Будаўніцтва новага калектара ўжо завершана.