Доля пасажыраў мінскага грамадскага транспарту, якія выкарыстоўваюць папяровыя талоны, скарацілася да 13,5%. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар «Мінсктранса» Канстанцін Галалобаў, піша «Мінск-Навіны».
Паводле яго слоў, усё больш пасажыраў пераходзяць на адзіныя праязныя, доля якіх дасягнула 66,7%. Яшчэ 7,1% аплачваюць праезд праз мабільную праграму «АПЛАЦІ».
Ён паведаміў, што ў «Мінсктрансе» працуюць 10 тысяч супрацоўнікаў. Рухомы састаў налічвае 2103 адзінкі: 1135 аўтобусаў, 147 электробусаў, 688 тралейбусаў і 133 трамваі. Для зарадкі электробусаў устаноўлены 17 ультрахуткіх зарадных комплексаў і 42 пасты начной зарадкі ў філіялах. У горадзе таксама зманціраваны 500 электронных табло.
З 2014 года ў Мінску дзейнічае каляровая канцэпцыя гарадскога транспарту: аўтобусы афарбаваныя ў жоўты колер, тралейбусы — у фісташкавы, трамваі — у бірузовы. Гэта дазваляе пасажырам пазнаваць транспарт, які набліжаецца, яшчэ да таго, як становіцца бачны нумар маршруту.
Гарадскі транспарт спажывае каля 10% усяго бюджэту Мінска, пры гэтым пасажыры аплачваюць толькі 30% кошту праезду, а астатняе кампенсуе гарадская казна. Грошы ідуць на закупку новага рухомага саставу, яго рамонт, абслугоўванне інфраструктуры, заробкі супрацоўнікам.