Рыжскі тэрмінал па перавалцы ўгнаенняў (RFT) зноў звярнуўся да ўрада Латвіі з просьбай унесці змены ў санкцыйны рэжым. Пра гэта распавяла праграма «Дэ Факта» латвійскага тэлебачання.
Рыжскі тэрмінал па перавалцы мінеральных угнаенняў, размешчаны ў Рыжскім порце, быў адкрыты ў 2013 годзе ў рамках сумеснага праекта латвійскіх і расійскіх партовых кампаній. Кампанію RFT праз шэраг юрыдычных асоб кантралюе расійскі бізнесмен беларускага паходжання Дзмітрый Мазепін. Пры будаўніцтве тэрмінала меркавалася, што праз яго будуць пастаўляцца ўгнаенні “Уралхіма”.
У 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Мазепін трапіў пад санкцыі ЕС. Гэта паралізавала працу тэрмінала. У 2022 годзе Мазепін хацеў прадаць тэрмінал швейцарскаму трэйдару, але гэтая здзелка была заблакаваная ўрадам Латвіі.
RFT для аднаўлення працы прапануе ўкараніць “ахоўны механізм”, які прадугледжвае, што падсанкцыйная асоба не прымае ўдзелу ў прыняцці рашэнняў і не атрымлівае ніякай выгады ад дзейнасці кампаніі. У Літве падобны механізм дзейнічае ў дачыненні да вытворцы ўгнаенняў Lifosa, звязанага з расійскім бізнесменам Андрэем Мельнічэнкам. У мінулым годзе падобная заяўка рыжскага тэрмінала ўжо разглядалася і была адхілена. На гэты раз кампанія дадаткова прапануе ўзяць на сябе абавязацельствы не працаваць з беларускімі і расійскімі ўгнаеннямі.
Пытанне ўключана ў парадак працы ўрада Латвіі на гэтым тыдні. Пры гэтым міністр транспарту Атыс Швінка адзначыў для праграмы латвійскага тэлебачання, што не бачыць выразнага бізнес-плана, які б выключаў усе віды рызык.
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі ўжо прадаставіла сваю ацэнку ўраду. У ёй адзначаецца, што сам па сабе «ахоўны механізм» не гарантуе, што асоба, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, не захавае эфектыўны кантроль над кампаніяй або не атрымае ад яе выгаду. У яго захоўваецца магчымасць неафіцыйна аддаваць указанні.
Дадатковы фон для заяўкі стварае рашэнне ЗША зняць санкцыі з беларускай калійнай галіны, а таксама дыскусія пра магчымы транзіт іх праз Літву. Латвіі пакуль такога роду сігналы не паступалі.