Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, якой зацверджана сярэднетэрміновая фінансавая праграма рэспубліканскага бюджэту на 2026-2028 гады.
Як патлумачылі ў прэс-службе ўрада, праграмай вызначаюцца сярэднетэрміновыя параметры рэспубліканскага бюджэту:
- агульны аб’ём расходаў і даходаў,
- гранічны памер дэфіцыту,
- гранічныя аб’ёмы расходаў на дзяржаўныя праграмы.
Канкрэтныя значэнні параметраў у паведамленні прэс-службы не прыводзяцца. Верагодна, іх можна будзе даведацца пасля афіцыйнай публікацыі пастановы.
Акрамя таго, у праграме прапісаны меры бюджэтна-падатковай палітыкі:
- забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах наяўных даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту (памеру прафіцыту) бюджэту,
- канцэнтрацыя бюджэтных сродкаў на прыярытэтных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны,
- своечасовае і ў поўным аб’ёме ажыццяўленне плацяжоў па дзяржаўным доўгу,
- падатковая нагрузка на эканоміку Рэспублікі Беларусь на ўзроўні, які не перавышае 26% ад валавога ўнутранага прадукту,
- захаванне сацыяльнай накіраванасці расходаў, рэалізацыя шэрагу мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, дабрабыту работнікаў бюджэтнай сферы, падтрымка найбольш уразлівых слаёў насельніцтва.
“Праграма зацверджана ў мэтах забеспячэння доўгатэрміновай збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, выканання дзяржавай сваіх даўгавых абавязацельстваў, а таксама ацэнкі бюджэтных рызык для своечасовай прапрацоўкі мер па іх мінімізацыі”, – дадалі ў прэс-службе.
Дапоўнена 10:30
Мінфін Беларусі пракаментаваў прынятую пастанову. Паводле інфармацыі міністэрства, у 2027 годзе плануецца выйсці на бездэфіцытны, а ў 2028 — на прафіцытны бюджэты.
