Украіна чакае рэакцыі Злучаных Штатаў Амерыкі на ўдары Расіі па аб’ектах энергетычнай інфраструктуры ва Украіне 3 лютага.
«Мы чакаем рэакцыю Злучаных Штатаў Амерыкі на расійскія ўдары. Гэта была прапанова менавіта Амерыкі: на час дыпламатыі і такой халоднай зімовай надвор’і спыніць удары па энергетыцы. Была просьба асабіста ад прэзідэнта Злучаных Штатаў. Мы бачым, што Расія на гэтую просьбу адказала рэкордам балістыкі», — заявіў Уладзімір Зяленскі у вячэрнім відэазвароце.
Дзеянні Расіі паказваюць, што яна не можа выконваць свае абяцанні, падкрэсліў Зяленскі.
«Яны хлусілі і перад гэтай вайной, і поўнамаштабную вайну Расія пачала, імкнучыся падмануць усіх вакол наконт сваіх намераў і ў дачыненні да Украіны, і цяпер — нават у такіх дэталях, у такіх дамоўленасцях з Амерыкай — зноў расійскі падман. Яны невыпраўныя ў Маскве. І яны хочуць скарыстацца менавіта холадам, таму што не могуць пакарыць нас, Украіну, сваімі штурмамі. Стаўка Расіі на вайну павінна атрымаць адказ свету», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Нагадаем, 29 студзеня Дональд Трамп заявіў, што Расія пагадзілася не наносіць удары па ўкраінскіх гарадах на працягу тыдня з-за моцных маразоў. Аднак у ноч на 3 лютага Расія ўжыла беспілотнікі, балістычныя і крылатыя ракеты па гарадах у Кіеўскай, Харкаўскай, Вінніцкай, Днепрапятроўскай, Адэскай абласцях. Паводле інфармацыі Паветраных сіл УСУ, Расія сёння задзейнічала 521 сродак паражэння, у тым ліку 450 беспілотнікаў, чатыры ракеты «Цыркон»/«Онікс», 32 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-300, 7 крылатых ракетаў Х-22/Х-32, 28 крылатых ракетаў Х-101/«Іскандэр-К».
