Украіна атакавала дронамі Санкт-Пецярбург і шэраг расійскіх рэгіёнаў

Галоўнае
Усть-Лабинск 6 июня 2026 года. Скриншот видео t.me/exilenova_plus

У ноч з 5 на 6 чэрвеня Украіна нанесла масіраваны ўдар беспілотнікамі па Санкт-Пецярбургу, Ленінградскай вобласці і шэрагу іншых расійскіх рэгіёнаў.

Губернатар Пецярбурга Аляксандр Бяглоў паведаміў пра атаку раніцай 6 чэрвеня, заклікаў гараджан заставацца дома і папярэдзіў пра магчымыя перабоі мабільнага інтэрнэту.

Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў пра знішчэнне 144 беспілотнікаў над рэгіёнам. Абломкі ўпалі ў Лужскім, Валасоўскім і Ламаносаўскім раёнах. У Ламаносаўскім раёне на аб’екце Міністэрства абароны Расіі ўзнік пажар, частка жыхароў была эвакуяваная.

Украіна атакавала дронамі Санкт-Пецярбург і шэраг расійскіх рэгіёнаў
Петрадворац. Фота: t.me/astrapress

Паводле даных OSINT-аналізу Astra, у Кранштаце меркавана быў атакаваны Кранштацкі марскі кадэцкі ваенны корпус — над будынкам назіраўся чорны дым. Таксама, паводле інфармацыі рэсурсу, магчымымі цэлямі сталі НДІ Марской цеплатэхнікі ў Пецярбургу і нафтабаза ў Петрадворцы.

Украіна атакавала дронамі Санкт-Пецярбург і шэраг расійскіх рэгіёнаў
Фота: t.me/astrapress

У Усць-Лабінску Краснадарскага краю ў выніку атакі дронаў загарэлася Палтаўская нафтабаза. Плошча пажару склала каля 5000 квадратных метраў, пацярпелых няма.

«У выніку атакі БПЛА на тэрыторыі ААТ «Палтаўская нафтабаза» ў горадзе Усць-Лабінску адбылося ўзгаранне. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. Плошча пажару складае каля 5000 квадратных метраў», — паведамілі ў Адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службе Усць-Лабінскага раёна.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра знішчэнне дзевяці беспілотнікаў, якія ляцелі на Маскву.

У Тульскай вобласці было збіта 29 дронаў, пашкоджаныя гаспадарчыя пабудовы і шкленне жылога дома ва Узлавой, праінфармаваў губернатар расійскага рэгіёна Дзмітрый Міляеў.

Міністэрства абароны Расіі заявіла пра знішчэнне 376 украінскіх беспілотнікаў над 17 рэгіёнамі, а таксама над акваторыямі Азоўскага і Чорнага мораў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.