Вераніка Яновіч, удава беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава, які загінуў 19 студзеня пры выкананні баявога задання, падала петыцыю на сайце электронных зваротаў прэзідэнта Украіны. Яна просіць Уладзіміра Зяленскага ініцыяваць заканадаўчыя змены, якія дазволяць прысвойваць званне Героя Украіны замежнікам і асобам без грамадзянства.
Зараз паводле ўкраінскага заканадаўства гэтае званне можа атрымаць толькі грамадзянін Украіны. Выключэнне дзейнічае толькі для пасмяротнага ўзнагароджання замежнікаў за подзвігі ў перыяд Рэвалюцыі Годнасці.
У петыцыі адзначаецца, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі тысячы замежнікаў добраахвотна ўсталі на абарону Украіны. Паводле адкрытых ацэнак, больш за 1500 з іх загінулі. Нягледзячы на гэта, яны пазбаўлены магчымасці быць адзначанымі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай краіны, якую абаранялі.
“Мой муж ніколі не чакаў падзякі. Ён быў чалавекам прынцыповым, цвёрдым у сваіх поглядах, але несправядлівасць заўсёды глыбока яго засмучала. Я хачу дамагчыся таго, каб замежныя валанцёры, якія з 2014 года змагаюцца за незалежнасць Украіны, мелі права на прысваенне звання «Герой Украіны». Бо яны гэтага заслугоўваюць. Гаворка ідзе не пра асаблівае стаўленне, а пра роўнасць у гэтым пытанні. Законапраект аб унясенні змен у заканадаўства быў унесены яшчэ ў 2022 годзе. Але з таго часу ён заставаўся без увагі”, – напісала Вераніка ў X.
“Мне ўсё роўна, ці будзе Лёшка ўдастоены звання «Герой Украіны», бо я ведаю, што яму, напэўна, было б прыемна, але гэта ніколі не было яго мэтай.Я звяртаюся да Вярхоўнай Рады Украіны, я звяртаюся да Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з патрабаваннем вырашыць пытанне з гэтым законапраектам. Бо людзі гінуць за незалежнасць Украіны, хаця ў прынцыпе яны маглі б увогуле не быць тут і жыць сваім уласным, лепшым жыццём. Але яны выбралі барацьбу за справядлівасць і праўду. І многія аддалі за гэта ўсё, бо аддалі свае жыцці”, – падкрэсліла яна.
Уладзіміра Зяленскага просяць прызнаць законапраект № 7296 аб пашырэнні кола асоб, якім можа быць прысвоена званне Героя Украіны, неадкладным і садзейнічаць яго найхутчэйшаму прыняццю Вярхоўнай Радай. У выпадку неабходнасці прапануецца скарыстацца правам прэзідэнцкай заканадаўчай ініцыятывы і ўнесці ўласны законапраект.
