СМІ назвалі прычыны адмовы Польшчы расследаваць знікненне Котава

Галоўнае
Анатолий Котов. Фото: БФСС

Польскія праваахоўныя органы афіцыйна адмаўляюцца расследаваць знікненне Анатоля Котава, спасылаючыся на адсутнасць юрысдыкцыі. Аднак неафіцыйна журналісты даведаліся, што рашэнне можа быць абумоўлена падазрэннем у агентурнай дзейнасці.

Артыкул пра знікненне Котава сёння апублікавала Rzeczpospolita. У ім выкарыстаны матэрыялы расследавання БРЦ.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр распавядае, што ўдалося афіцыйна і неафіцыйна высветліць польскім калегам.

«Асоба, якой датычыцца паведамленне, не з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, дзеянні супраць яе не адбываліся на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, і няма падстаў сцвярджаць, што грамадзяне Польшчы маглі быць датычныя да магчымага здзяйснення злачынства», – адказаў на запыт Rzeczpospolita прэс-сакратар Варшаўскай акруговай пракуратуры Пётр Скіба.

Ён таксама дадаў, што сваякі могуць абскардзіць адмову. Аднак, як піша БРЦ, жонка Котава не атрымлівала рашэнне пракуратуры па гэтай справе.

Rzeczpospolita са спасылкай на свае крыніцы таксама піша, што турэцкія ўлады перадалі польскім следчым матэрыялы ў рамках міжнароднай прававой дапамогі. З іх даных вынікае, што Котаў прыляцеў у Стамбул і пры праходжанні мяжы выкарыстаў беларускі пашпарт, а не так званы “жэнеўскі”, які выдаецца асобам, што атрымалі статус бежанца.

Прадстаўнік польскіх службаў заявіў выданню, што гэта сведчыць пра жаданне Котава застацца ананімным і не вылучацца з агульнага турыстычнага патоку. Пры гэтым Котаў мог выкарыстаць беларускі пашпарт, каб пазбегнуць бюракратычных цяжкасцяў. З беларускім пашпартам можна ўехаць у Турцыю без візы, па жэнеўскім праязным дакуменце патрабуецца віза.

Крыніца Rzeczpospolita, блізкая да расследавання, сцвярджае, што ключавой версіяй знікнення Котава з’яўляецца агентурная дзейнасць. Яна лічыць, што Котаў супрацоўнічаў з разведкай у справе атрымання доступу да Паўла Латушкі. Крыніца прызнае, што пасля яго адхілілі ад аперацыі, каб прадухіліць разгалошванне інфармацыі.

БРЦ адзначае, што да такіх высноў трэба ставіцца крытычна, бо польскі бок не праводзіў паўнавартаснага расследавання. Акрамя таго, БРЦ валодае неапублікаванымі данымі, якія супярэчаць гэтай версіі. Меркавана, знікненне Котава не было яго добраахвотным рашэннем.

Для Rzeczpospolita знікненне Котава таксама пракаментаваў Павел Латушка.

«Усе гэтыя гады ён спрабаваў наладзіць сувязь з прадстаўнікамі эліты ў Мінску, спрабуючы вырашыць беларускую праблему праз іх. <…> Некалькі разоў дзякуючы яму я размаўляў з былымі прэм’ер-міністрамі Беларусі. Думаю, яму ўдалося паглыбіцца ў справу, і ён трапіў у пастку спецслужбаў», – сказаў ён.

Нагадаем, БРЦ у сваім расследаванні змог прасачыць шлях Котава ў Турцыі. Са Стамбула ён прыляцеў у Трабзон, дзе падняўся на борт яхты з трыма іншымі пасажырамі, грамадзянкай Іарданіі азербайджанскага паходжання Кахірай Эйналавай і двума расіянамі. З Эйналавай Котаў падтрымліваў адносіны да паездкі.

Яхта накіравалася да берагоў Абхазіі, дзе да судна падышоў расійскі ваенны карабель берагавой аховы. Расіяне абвінавацілі Котава ў нібыта нападзе на іх. Памежнікі ФСБ увайшлі на борт, забралі Котава і загадалі капітану выкрасліць яго са спісу пасажыраў. З таго часу яго ніхто не бачыў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.