Польскае ўпраўленне сацыяльнага страхавання (ZUS) апублікавала звесткі аб застрахаваных замежніках па стане на канец лютага 2026 года. Колькасць беларусаў вырасла ў параўнанні са студзенем.
У польскай сістэме сацстрахавання на канец лютага налічвалася 139 312 грамадзян Беларусі. У параўнанні са студзенем колькасць нашых суайчыннікаў вырасла на 682 чалавекі.
Усяго ж у ZUS на канец лютага было зарэгістравана 1,295 млн замежнікаў. Агульная колькасць застрахаваных замежнікаў вырасла ў параўнанні са студзенем больш чым на 9 тыс. чалавек.
Найбольш шматлікай групай замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, застаюцца грамадзяне Украіны. У ZUS было зарэгістравана амаль 865,2 тыс. чалавек (+8,8 тыс. да студзеня). Беларусы знаходзяцца на другім месцы. Трэцяе — у грамадзян Індыі — амаль 25 тыс. чалавек.
