Прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава паскардзілася, што раздачу георгіеўскіх стужачак 9 мая не ўсе сустрэлі з натхненнем. У сваім тэлеграм-канале яна апублікавала некалькі відэа, дзе чалавек з партрэтам Сталіна раздае стужкі дзецям, аднак на адным з іх нешта пайшло не так.
«Прыгажуны мужчыны ў форме з задавальненнем разбіралі ў нас гвардзейскія георгіеўскія стужачкі, — напісала яна. — Дзеці таксама бралі б георгіеўскія стужачкі, калі б ім не перашкаджалі „выхавацелі“.
На адным з ролікаў да прарасійскіх актывістаў, якія настойліва прапаноўвалі стужачкі, падышлі жанчыны, сказаўшы, што стужкі «не падыходзяць пад форму».
«Не-не-не, у нас пад форму стужачкі не падыходзяць».
«Ну як гэта, што, мы не адну вайну ваявалі?» — абурыўся суразмоўца.
«Мы ваявалі, я не спрачаюся, але ў нас іншая атрыбутыка», — прагучаў адказ.
«Скажу вам так, хлопцы, сёння некаторыя прадстаўніцы афіцыёзу былі вельмі агрэсіўныя і спрабавалі перашкаджаць нам раздаваць георгіеўскія стужачкі. Раней я такога не назірала», — заявіла Мірсалімава.
Нагадаем, у мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка двойчы апраўдваўся за адсутнасць георгіеўскіх стужачак у Беларусі — перад Уладзімірам Пуціным і паслом РФ у Беларусі Барысам Грызловым.