Былы намеснік дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандру Балан прызнаў віну ў разгалошванні дзяржаўнай таямніцы і быў прыгавораны да паўтара года пазбаўлення волі з забаронай займаць дзяржаўныя пасады тэрмінам на 2,5 года.
Судовае пасяджэнне па яго справе прайшло за зачыненымі дзвярыма, абвінавачаны ўдзельнічаў у працэсе па відэасувязі, паведамляе TVR Moldova.
Балан хадайнічаў аб разглядзе справы ў спрошчаным парадку. Расследаванне праводзіла Пракуратура па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і асаблівых справах.
Нагадаем, Аляксандра Балана затрымалі ў Румыніі у верасні 2025 года ў межах сумеснай аперацыі спецслужбаў Чэхіі, Венгрыі і Румыніі. Паведамлялася, што ён працаваў на КДБ з 2024 года і перадаваў звесткі, якія могуць паставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку Румыніі. У выніку той жа аперацыі з Чэхіі выслалі афіцэра КДБ Беларусі, які працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём.
У Румыніі ён таксама знаходзіцца пад следствам па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе і ўтрымліваецца пад хатнім арыштам.
У дзень затрымання СІБ Малдовы паведаміла, што Балан абвінавачваецца ў сістэматычнай перадачы дзяржаўных сакрэтаў.
