Экспертны савет пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі разгледзеў законапраект, які датычыцца пытанняў грамадзянства.
Праектам прапануецца дапоўніць Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» нормай, якая прадугледжвае магчымасць набыцця беларускага грамадзянства на льготных умовах для замежных інвестараў. Адначасова ў дакуменце закладзены механізмы, накіраваныя на зніжэнне рызык магчымых злоўжыванняў у гэтай сферы, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Мяркуецца, што ўмовы ажыццяўлення інвестыцый для атрымання грамадзянства будуць рэгламентаваны Палажэннем аб парадку разгляду пытанняў, звязаных з грамадзянствам Беларусі, зацверджаным указам Аляксандра Лукашэнкі ад 17 лістапада 1994 года №209.
Прапанаваныя змены арыентаваныя на “паляпшэнне інвестыцыйнага клімату і падтрымку эканомікі Беларусі за кошт знешніх укладанняў”.
Паведамляецца, што ў цэлым удзельнікі пасяджэння падтрымалі законапраект. Быў выказаны шэраг заўваг, якія датычацца дадатковай прапрацоўкі абгрунтавання неабходнасці яго прыняцця і практычных механізмаў рэалізацыі.
