Цэнтральнае камандаванне ЗША пасля паўзы ў некалькі дзён нанесла новую серыю ўдараў па Іране.
У заяве камандавання гаворыцца, што атака была прадпрынятая ў адказ на спробу КСІР нанесці ўдар па амерыканскіх войсках у рэгіёне 28 ліпеня.
У Іране ЗША атакавалі аб’екты Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, уключаючы камандныя цэнтры, ракетныя аб’екты, пазіцыі берагавой абароны, беспілотнікаў.
«Мэта ўдараў заключалася ў далейшым зніжэнні пагроз, якія зыходзяць ад Ірана і яго стаўленікаў для амерыканскіх войскаў, камерцыйнага суднаходства і суседніх краін Персідскага заліва», — гаворыцца ў паведамленні.
Цэнтральнае камандаванне таксама працягвае блакаду іранскіх партоў. З моманту яе аднаўлення былі перанакіраваныя 20 судоў, два абезрухомленыя і два ўзятыя пад кантроль амерыканскімі вайскоўцамі.
ЗША сёння таксама ўвялі санкцыі ў дачыненні да страхавой кампаніі Persian Gulf Marine Insurance Company і іранскага Упраўлення па забеспячэнні бяспекі марскіх перавозак у Армузскім праліве. Нагодай стала спроба арганізаваць схему спагнання платы за праход судоў праз праліў пад выглядам страхавання. Акрамя таго, ЗША пашырылі пералік мер супраць судоў іранскага ценявога флоту.
