«Сведчанне банкруцтва мадэлі»: архітэктар пра планы ўладаў скараціць Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Культура
Руіны Палаца Радзівілаў у Радзівіламонтах. Фота: dworypogranicza.pl.

У Беларусі рыхтуецца скарачэнне Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Замест пошуку рэсурсаў на кансервацыю ці рэстаўрацыю аварыйных будынкаў улады прапануюць здымаць з іх ахоўны статус — і тым самым легалізаваць іх знос. Пад пагрозай апынуліся нават такія шэдэўры, як унікальны драўляны палац Радзівілаў у Радзівілімонтах 1780-х гадоў (тое, што ад яго засталося), збудаваны паводле праекта Карла Спампані.

Пра тое, чаму беларуская сістэма аховы спадчыны апынулася ў глыбокім крызісе, ці ёсць у гэтым палітычны падтэкст, на ўмовах ананімнасці пагутарылі з беларускім архітэктарам, які працуе з гістарычнай спадчынай.

«Пра праблему ведаем. Сумна і сорамна за краіну»

— Так, мы ведаем пра гэту ініцыятыву. У кантэксце цяперашняй культурнай палітыкі беларускай дзяржавы гэта лагічна. Сумна гэта ўсё. Сумна і сорамна за краіну. Я не веру, што ідэя «разбурыць усё, што не можам захаваць» зыходзіць з Міністэрства культуры або з аддзелаў культуры аблвыканкамаў — там працуюць сумленныя прафесіяналы. Цікава, хто гэта ўсё прыдумаў? Хацелася б ведаць аўтара.

Важна разумець, што архітэктурныя помнікі, якія зараз прапануецца знішчаць, былі ў свой час узяты пад ахову дзяржавы ў адпаведнасці з усімі працэдурамі, прадугледжанымі заканадаўствам. У адрозненне ад развітых краін, беларуская сістэма аховы спадчыны дзяржавацэнтрычная. Гэта значыць, што менавіта дзяржава адказная за захаванне аб’ектаў, якія за трыццаць гадоў даведзены да аварыйнага стану. Таму пытанне «А хто вінаваты ў безгаспадарчым утрыманні гісторыка-культурных каштоўнасцей?» мае рытарычны характар.

Мне асабліва шкада ўнікальнага драўлянага палаца ў Радзівіламонтах, збудаванага паводле праекта Карла Спампані ў 1780-х гадах. Няма ніводнага падручніка па гісторыі архітэктуры, у якім не быў бы прадстаўлены гэты шэдэўр эпохі класіцызму. Архітэктурным помнікам такога ўзроўню ганарылася б любая еўрапейская дзяржава, кіраўніцтва якой дбае пра будучыню сваёй краіны.

«Сведчанне банкруцтва мадэлі»: архітэктар пра планы ўладаў скараціць Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей
Палац у Радзівіламонтах у 1932 годзе. Выява: Вікіпедыя.

Эканамічная некампетэнтнасць замест «антыпольскай дыверсіі»

— Сама ідэя нішчыць тое, што не можам захаваць, — сведчанне банкруцтва беларускай мадэлі кіравання культурнымі рэсурсамі. Спадчына — гэта не толькі пра памяць, ідэнтычнасць і адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Гістарычныя будынкі — гэта важны рэсурс для эканамічнага развіцця тэрыторый.

Я не згодны з думкай, што гэта антыпольская «культурная» дыверсія або вынішчэнне слядоў арыстакратычнай культуры. Мяркую, тут сітуацыя такая ж, як з мадэрнізацыяй цэментных заводаў: пасля таго, як у іх уклалі мільярды даляраў, яны сталі прадаваць цэменту менш, чым да мадэрнізацыі. Чыноўнікі папросту не ўмеюць наладзіць дзяржаўныя працэсы такім чынам, каб захаванне гістарычных помнікаў прыносіла бюджэту дадатковыя падаткі.

Каму належыць спадчына?

— «Разбуральная» ініцыятыва прымушае задумацца аб тым, каму належыць культурная спадчына — чыноўнікам, экспертам або супольнасцям, якія звязваюць з гэтай спадчынай сваю ідэнтычнасць?

У еўрапейскіх краінах пасля Другой сусветнай вайны ахова помнікаў таксама была арганізавана дзяржавацэнтрычна. Але еўрапейцы хутка зразумелі неэфектыўнасць такой мадэлі і ад пачатку XXI стагоддзя пераналадзілі сістэму. Цяпер аб’ектам спадчыны кіруе і адказвае за яго захаванасць мясцовая супольнасць, а дзяржава толькі дапамагае рэсурсамі і кантралюе законнасць.

На думку эксперта, менавіта пераход да сумеснага кіравання і падрыхтоўка лакальных ініцыятыў здольныя пераламіць сітуацыю ў Беларусі. Спробай перадаць гэты вопыт мясцовым супольнасцям стаў, у прыватнасці, і новы адукацыйны курс Беларускага Інстытута Спадчыны па захаванні і супольным кіраванні культурнымі рэсурсамі — як інструмент для тых, хто бачыць у спадчыне рэсурс для грамадскага развіцця, а не бясплённую абузу для бюджэту.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.