У расійскім банку ВТБ ацанілі наступствы атак на склады Wildberries і Ozon. Як заявіў першы намеснік старшыні ВТБ Дзмітрый П’янаў, яны не паўплывалі на іх здольнасць абслугоўваць крэдыты.
«Сітуацыя з лагістычнай інфраструктурай маркетплейсаў можа прывесці да кароткатэрміновага падзення выручкі, крэдытнай якасці, але нават у стрэсавым сцэнары ўсяго толькі пераводзіць гэтых пазычальнікаў з катэгорыі першакласнай у катэгорыю нармальнай у цяперашніх макраэканамічных умовах», – сказаў ён, перадае РБК.
Паводле яго слоў, страта складскіх плошчаў запатрабуе ад кампаній інвестыцый, што адаб’ецца на свабодным грашовым патоку маркетплейсаў. Таксама сродкі спатрэбяцца на папаўненне згарэлых тавараў.
«Некаторае зніжэнне метрык будзе назірацца ў 2027 годзе, але яно не прывядзе да шматразовага [росту паказчыкаў] доўгу кампаній», – сказаў ён.
Паводле яго ацэнак, даўгавая нагрузка на маркетплейсы з’яўляецца ўмеранай.
П’янаў лічыць, што маркетплейсы ў стане аднавіцца, бо захоўваецца спажывецкі попыт, акрамя таго, урадам зацверджаны меры падатковай падтрымкі кампаніі. Таксама нармалізацыя цэнавай канкурэнцыі будзе прыводзіць да змяншэння скідак з боку маркетплейсаў.
Першы намеснік старшыні ВТБ адзначыў, што маркетплейсы не звярталіся па рэструктурызацыю крэдытаў. Разам з тым ад селераў паступілі заяўкі на сотні мільёнаў рублёў, аднак гэтая сума не паўплывае на бізнес банкаў, хоць для асобных людзей страты вялікія.
