Наяўныя рэсурсы хатняй гаспадаркі ў Беларусі склалі ў другім квартале 2026 года 3152,2 рубля ў месяц, што на 167,3 рубля больш, чым у першым квартале гэтага года. У параўнанні з другім кварталам 2025 года наяўныя рэсурсы хатняй гаспадаркі выраслі на 535,7 рубля.
У наяўныя рэсурсы ўваходзяць грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай падсобнай гаспадарцы, за вылікам матэрыяльных затрат на іх вытворчасць і (або) атрыманых з іншых крыніц без аплаты, і кошт атрыманых у натуральнай форме льгот і выплат. Белстат публікуе інфармацыю па выніках выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця.
Сярэднія рэсурсы гарадскіх сем’яў выраслі за квартал на 151,6 рубля да 3310,3 рубля ў месяц. Сельскае насельніцтва мела рэсурсы ў 2639,5 рубля ў месяц, што на 219 рублёў больш, чым у першым квартале гэтага года. У параўнанні з другім кварталам 2025 года рэсурсы гарадскіх хатніх гаспадарак павялічыліся на 386,5 рубля, а сельскіх — на 278,5 рубля.
Грашовыя расходы ў разліку на хатнюю гаспадарку ў другім квартале выраслі на 178 рублёў да 3072,6 рубля ў месяц, з якіх 2042,1 рубля (+107,2 рубля), або 66,5%, прыпадала на спажывецкія расходы. Расходы ў параўнанні з другім кварталам 2025 года павялічыліся на 367,6 рубля, у тым ліку спажывецкія — на 219,7 рубля.
У структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак доля расходаў на харчаванне склала 37,5% (-0,9 п. п. да першага квартала 2026 года), на куплю нехарчовых тавараў — 35,6% (+0,7 п. п.), на аплату паслуг — 24,6% (+0,2 п. п.). За год доля расходаў на харчаванне знізілася на 0,9 п. п., на нехарчовыя тавары — вырасла на 1,2 п. п., а на аплату паслуг — не змянілася.
Рэсурсамі больш за 1000 рублёў валодалі 70,8% беларусаў, што на 5 п.п. больш, чым у першым квартале 2026 года. У Мінску рэсурсамі больш за 1000 рублёў валодалі 84,5% насельніцтва (+2,8 п.п.), а ў Магілёўскай вобласці — 63,1% (+6,8 п.п). Больш за 60% насельніцтва валодала рэсурсамі звыш 1000 рублёў ва ўсіх рэгіёнах краіны.
У краіне 35,9% (+4,9 п.п.) насельніцтва валодалі рэсурсамі звыш 1500 рублёў. У Мінску іх доля складала 49,7% (+2,5п.п.), а ў Магілёўскай вобласці – 26,6% (+7,3 п.п.).
У найбольш «багатай» групе з рэсурсамі звыш 200 рублёў знаходзіліся 16,9% (+2,8 п.п.) у цэлым па краіне, а ў Мінску — 25,5% (+0,9 п.п), у Магілёўскай вобласці — 11,4% (+2,5 п.п.).
Найбольш шматлікай групай былі людзі з рэсурсамі ад 1000,1 да 1100 рублёў. На іх прыпадала па 8,1% насельніцтва. Рэсурсамі ад 1100,1 да 1200 рублёў валодалі 7,6%.
Рэсурсамі менш за 500 рублёў валодалі 1,9%, што на 1,3 п.п. менш, чым у першым квартале.
Доля насельніцтва з узроўнем рэсурсаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму ў другім квартале знізілася на 0,1 п. п. і склала 3,2%. У тым ліку ў гарадах людзей з такімі рэсурсамі было 2,5% (-0,1 п. п.), а ў сельскай мясцовасці — 5,6% (без змен). Найбольшая доля насельніцтва з рэсурсамі ніжэй за БПМ была ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях — 4,7%, а найменшая — у Мінску — 1,1%.

