Беларуская кампанія «Ронтэк машын тулс» з верасня 2022 года па чэрвень 2025-га паставіла прадукцыі на суму больш за 8,3 млн долараў расійскім прадпрыемствам, звязаным з ваенна-прамысловым комплексам. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтра.
Найбуйнейшым пакупніком стала расійская «Вендэ Груп», якая атрымала станкі і абсталяванне на 4,23 млн долараў. У лютым 2024 года кампанія трапіла пад санкцыі ЗША за пастаўкі расійскім прадпрыемствам рэжучых інструментаў і металаапрацоўчага абсталявання з лічбавым праграмным кіраваннем.
Яшчэ прадукцыі на 2,7 млн долараў атрымала кампанія «СФ Урал», якая называла сярод сваіх партнёраў прадпрыемствы расійскага ВПК. Сярод іншых пакупнікоў БРЦ указвае кампаніі «Рост НН», адным з відаў дзейнасці якой з’яўляецца вытворчасць боепрыпасаў, «Металмаш», Пецярбургскі трактарны завод і Электрастальскі завод цяжкага машынабудавання.
Журналісты таксама высветлілі, што на пецярбургскім прадпрыемстве «Рэсурс» устаноўлены 12 станкоў Rontek VMC 60C. Дырэктар кампаніі паведаміў БРЦ, што амаль усе яе кліенты звязаны з расійскай абароннай прамысловасцю. Паводле даных украінскай разведкі, «Рэсурс» супрацоўнічае, у прыватнасці, з Абухаўскім заводам і карпарацыяй «Тактычнае ракетнае ўзбраенне».
Дырэктар «Ронтэк машын тулс» Валерый Шчурак заявіў, што кампанія прадавала абсталяванне расійскім дылерам і не мела інфармацыі пра канчатковых пакупнікоў. Паводле яго слоў, цяпер прадпрыемства ўжо не супрацоўнічае з «Вендэ Груп» і «СФ Урал». БРЦ падкрэслівае, што сувязь пакупнікоў з расійскім ВПК сама па сабе не даказвае выкарыстання пастаўленых станкоў непасрэдна для вытворчасці ўзбраенняў.
«Ронтэк машын тулс» вырабляе металаапрацоўчае абсталяванне ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». У кастрычніку 2023 года кампанія падпісала пагадненне з кітайскай Shandong DEED Precision Machine Tool аб стварэнні вытворчасці высокадакладных станкоў. Тады ж было абвешчана аб пачатку будаўніцтва завода, а Расія называлася яго асноўным рынкам.
