Арастовіча ў Расіі завочна прысудзілі да 11 гадоў зняволення

Навіны
Фото: Телеграм-канал Алексея Арестовича

Расійскі суд вынес завочны прысуд былому дарадцу кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксею Арастовічу.

Як паведамляюць расійскія СМІ, Арастовіча прысудзілі да 11 гадоў калоніі за заклікі да тэрарызму і распаўсюджванне фэйкаў пра расійскую армію.

Суд таксама пазбавіў яго права займацца дзейнасцю, звязанай з адміністраваннем сайтаў і каналаў з выкарыстаннем электронных або інфармацыйна-тэлекамунікацыйных сетак, тэрмінам на чатыры гады.

Арастовіч прызнаны вінаватым па ч. 2 арт. 205.2 (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці) і п. “д” ч. 2 арт. 207.3 КК РФ (публічнае распаўсюджванне заведама ілжывай інфармацыі, якая змяшчае даныя аб выкарыстанні УС РФ).

Падставай для справы сталі выказванні Арастовіча ў 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Тады ён заклікаў да знішчэння чыгунак, каб парушыць перамяшчэнне і забеспячэнне арміі агрэсара. У красавіку таго ж года Арастовіч размяшчаў у інтэрнэце інфармацыю пра злачынствы расійскіх вайскоўцаў у Бучы, што ў РФ расцэньваюць як фэйкі.

Крымінальная справа на Аляксея Арастовіча заведзена і ў Беларусі. Яе яшчэ ў сакавіку 2022 года распачала Генпракуратура. Праўда, у Беларусі пакуль да завочнага прысуду справа не дайшла.

Ва Украіне супраць яго таксама ўведзены санкцыі і з’яўлялася інфармацыя пра крымінальны пераслед.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.