У Віцебскім абласным судзе 26 жніўня прынялі рашэнне аб ліквідацыі Рэлігійнага аб’яднання Евангелічна-Лютэранскай царквы ў Беларусі, піша “Віцебская вясна”. Заяву аб ліквідацыі падаў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей у сувязі з тым, што арганізацыя не прайшла перарэгістрацыю.
Справа разглядалася ў пісьмовым парадку. Прадстаўнікі бакоў папрасілі суд разгледзець яе без іх удзелу. Паводле слоў аднаго з прыхаджан, які прысутнічаў на пасяджэнні, суддзя агучыла толькі заяву прадстаўніка дзяржаўных органаў. Пісьмовыя пярэчанні кіраўнікоў рэлігійнага аб’яднання, складзеныя па-беларуску, суддзя агучваць не стала.
Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў законную сілу. Прадстаўнікі аб’яднання маюць намер атрымаць матывіровачную частку рашэння і пасля гэтага вызначыць далейшыя дзеянні.
Рэлігійнае аб’яднанне было зарэгістравана 8 студзеня 2001 года.
Выканаўца абавязкаў епіскапа Евангелічна-Лютэранскай царквы Беларусі Канстанцін Мордвінцаў заявіў, што арганізацыя не адмаўлялася ад легальнага статусу, аднак пасля прыняцця ў канцы 2023 года змяненняў у заканадаўства патрабаванні да рэлігійных арганізацый істотна ўзмацніліся.
«Праблема ўзнікла не таму, што рэлігійная арганізацыя вырашыла адмовіцца ад прававога статусу, а ў выніку новых умоў, якім яна і абшчыны, што ўваходзяць у яе склад, павінны адпавядаць для захавання гэтага статусу. Многія рэлігійныя абшчыны не змаглі забяспечыць неабходную колькасць заснавальнікаў, атрымаць памяшканне для юрыдычнага адраса, пераканаць грамадзян раскрыць перад уладамі свае персанальныя даныя аб рэлігійных перакананнях», – адзначыў ён.
