Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць 70-гадовага праваабаронцы з Мазыра Уладзіміра Целепуна. Сёння ён быў прызнаны палітычным зняволеным.
Мужчыну ўзялі пад варту у пачатку красавіка. Мяркуецца, што спачатку ён утрымліваўся ў ІЧУ Мазырскага РАУС, затым быў пераведзены ў СІЗА-3. Падрабязнасці абвінавачванняў невядомыя, аднак, як адзначаюць праваабаронцы, справа носіць палітычны характар.
Уладзімір Целяпун вядомы ў рэгіёне сваёй дзейнасцю па абароне правоў чалавека, у тым ліку права на мірныя сходы. У 2019 годзе ён актыўна дапамагаў сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, калі тыя адстойвалі права на працу рэабілітацыйнага цэнтра «Вясёлка». У 1986 годзе ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мае праблемы са здароўем.
