Кампанія Sumsub, абраная для верыфікацыі выбарцаў на выбарах у Каардынацыйную раду, адрэагавала на публікацыю «Нашай Нiвы». Выданне заяўляла пра расійскія карані кампаніі і ўцечкі даных.
SumSub даслала ліст у рэдакцыю «НН», у якім удакладніла некаторыя моманты з артыкула.
Кампанія не згодная са сцвярджэннем «Сёння кампанія пазіцыянуе сябе як брытанская, але насамрэч брытанская юрыдычная асоба Sum and Substance Ltd належыць кіпрскай Raritex Trade Ltd. Хто ў рэальнасці кантралюе кампанію, мы не ведаем».
Кампанія тлумачыць, што Sumsub — глабальны брэнд, а Raritex Trade Ltd — зарэгістраваная на Кіпры кампанія — у дадзены момант з’яўляецца адначасова і холдынгавай кампаніяй групы Sumsub, і яе асноўнай аперацыйнай структурай. Заснавальнікі кампаніі і адзіныя канчатковыя бенефіцыяры — браты Андрэй Север, Якаў Север і Пётр Север, а дадатковая інфармацыя пра структуру ўласнасці даступная ў публічнай заяве.
Sumsub указвае, што інцыдэнт з бяспекай 2024 года быў прадстаўлены ў артыкуле няправільна.
«Інцыдэнт быў выяўлены і расследаваны самой кампаніяй SumSub, а не «выцягнуты» ў публічную прастору праз іншыя публікацыі ці актыўнасць на хакерскіх форумах», — гаворыцца ў лісце.
Таксама Sumsub заяўляе, што згаданыя ў артыкуле публікацыі пра Smart Engines і мінулую дзейнасць Sumsub заснаваныя на сумніўных крыніцах.
«Калі казаць больш шырока, многія з гэтых матэрыялаў, прадстаўленых як «расследаванні», абапіраюцца на камбінацыю публічна даступнай інфармацыі, выбарачных замоўчванняў, маніпулятыўнай падачы і, у некаторых выпадках, адкрыта ілжывых абвінавачанняў, каб стварыць наратыў, які не адлюстроўвае рэальнага стану спраў адносна структуры ўласнасці Sumsub, яе аперацыйнай дзейнасці, практык выканання нарматыўных патрабаванняў або тэхналагічнай інфраструктуры», — гаворыцца ў лісце.
Sumsub адмаўляе сувязь з расійскай дзяржавай, заяўляе, што сур’ёзна ставіцца да сваёй рэпутацыі і гатовая абараняць сябе ад паклёпу ўсімі даступнымі законнымі сродкамі, “уключаючы, калі гэта дарэчы, судовыя пазовы за паклёп, наўмысную хлусню і нядобрасумленную канкурэнцыю”.
«Мы яшчэ раз катэгарычна адмаўляем любую сувязь паміж Sumsub і расійскай дзяржавай, расійскімі спецслужбамі або расійскімі ўзброенымі сіламі», — заяўляе SumSub.
Нагадаем, пасля публікацыі «НН» распрацоўнік платформы для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду Павел Лібер заявіў, што ў дачыненні да Sumsub будзе праведзена дадатковая праверка. Галасаванне на выбарах у КР перанеслі амаль на суткі. Яно пачнецца 11 траўня а 22:00.