Восем год таму пайшоў з жыцця Міхал Анемпадыстаў. Дызайнер, паэт, аўтар «Народнага альбома» і чалавек, які навучыў нас ганарыцца «беларускім шэрым». Ён быў візіянерам, які шукаў адказы на пытанне «хто мы?» не ў лозунгах, а ў глыбінных сэнсах нашай культуры і прыроды.
Сёння ўзгадаем яго фатаграфічны праект «Under Ground», дзе на цёмным фоне Міхал здымаў звычайныя беларускія карняплоды: буракі, моркву, сельдэрэй. Пад яго аб’ектывам яны ператвараліся ў арт-аб’екты, якія нагадвалі не тое экзатычныя планеты, не тое глыбокія археалагічныя знаходкі. Упершыню выстава «Under Ground» прайшла ў 2011 годзе ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў, а пасля экспанавалася ў Польшчы і Германіі.


«Для нас, як і для ўсіх паўночных народаў, карняплоды заўсёды былі важнымі, — падзяліўся Міхал сваёй філасофіяй у вядомым інтэрв’ю фотакрытыку Любові Гаўрылюк. — Нам гэта ўсё блізкае і зразумелае, бо халодны клімат рабіў харчаванне жыццёва важнай праблемай. Збожжа можа згніць, для жывёлы можа не хапіць кармоў, а з бурачкамі, бульбай, рэпай — заўсёды надзейна.
Да таго ж войны бесперапынныя… Да вайны ў эпоху ВКЛ рыхтаваліся так: адпраўлялася экспедыцыя ў Белавежскую пушчу, там забівалі дзічыну, салілі, сушылі і везлі з сабой. Усё астатняе адбіралася на месцы, у насельніцтва — так было паўсюль. Збожжа схаваць было немагчыма — яно патрабавала пэўных умоваў захоўвання, тое самае са скацінай. А карняплоды — у зямлі, іх не выкопвай — і ўсё: салдаты не будуць займацца градкамі. Мы, можа быць, выжылі як этнас дзякуючы гэтым самым карняплодам…», — распавядаў ён.


Мастак разважаў, што ў гэтым праекце яму было важна вярнуць першаснае значэнне слова «культура», якое, як вядома, першасна было звязана з сельскагаспадарчай сферай.
«Агульнавядома, што слова «культура» ўзнікла для пазначэння сельскагаспадарчай культуры — таго, што вырошчваецца. Значна пазней з’явілася абстрактнае паняцце культуры як сумы ўстойлівых каштоўнасцяў, і толькі тады значэнне гэтага слова было пашырана на сферу духоўнай дзейнасці чалавека.
У гэтым фатаграфічным праекце мне было цікава вярнуць першаснае значэнне слова, паказаць вытокі культуры. Бо не выпадкова менавіта яно было абрана для цяперашняга значэння — як нешта, што неабходна апрацоўваць, берагчы, памнажаць. Дарэчы, уся культуралагічная фразеалогія нашпігавана аграрнымі тэрмінамі: культурнае поле, глеба, культурны ландшафт, карані і гэтак далей. Хаця час, вядома, сцірае яркасць гэтых сувязяў».


Нельга не адзначыць і мінімалістычную стылістыку фотасерыі, стрыманую колеравую гаму карняплодоў, якую фатограф нібыта наўмысна не прыўхарошвае.
«Мне заўсёды падабаліся, чыста эстэтычна, бульба, бурачкі, рэдзька, асабліва тыя, дзе форма больш складаная… Падабалася іх каларыстыка — земляная, стрыманая», — дзяліўся аўтар.
«Я дзівіўся, што пад несамавітай лупінай хаваецца такая жывая плоць. Гэта перадгісторыя праекта: мне падабалася сярэдзіна карняплодаў — калі здымаеш мертвую корку, адкрываецца плоць. Можа быць, у бульбы яна не яркая, але ў бурака — такі інтэнсіўны кармін, які яшчэ і сімвалічна працуе.
Яны нібыта не жывыя істоты, але і не зусім мёртвыя, і не зусім расліны. Яны як бы пасярэдзіне, яны доўгі час знаходзяцца ў стане анабіёзу», — казаў нібыта не толькі пра карняплоды мастак.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
