Сярод вызваленых у рамках абмену паміж Беларуссю і Польшчай — грамадзянін Беларусі, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі. Пра гэта заявіў сёння на прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
«Сярод вызваленых сёння — Анджэй Пачобут, пісьменнік, журналіст і змагар за свабоду беларусаў. Акрамя яго былі вызвалены ксёндз Гавел, а таксама беларус, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі», — распавёў Туск. Ён не стаў называць імя трэцяга вызваленага па яго просьбе.
Ён падкрэсліў, што вызваленне Пачобута і іншых стала магчымым дзякуючы таму, што Польшча змагла прапанаваць Беларусі і Расіі для абмену людзей, затрыманых па абвінавачанні ў дыверсіях.
Паводле слоў Туска, вызваленне Пачобута было доўгім і складаным, а адна з апошніх спроб сарвалася.
«Мы прадпрымалі мноства спробаў пераканаць беларускі рэжым вызваліць яго. Было вельмі цяжка разлічваць на добрасумленнасць з боку Мінска. Падчас адной з апошніх спроб абмену зняволенымі беларускі бок змяніў сваё рашэнне і адмовіўся», — заявіў Туск.
Нагадаем, абмен у фармаце 5 на 5 адбыўся сёння. З боку Беларусі і Расіі былі вызвалены тры палякі і двое малдаван. Вядома, што Беларусь перадала Польшчы журналіста Анджэя Пачобута, манаха-кармеліта Гжэгожа Гавела і беларуса, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі. Расія выдала Малдове двух супрацоўнікаў малдоўскіх спецслужбаў.
Польшча перадала Расіі расійскага археолага Аляксандра Буцягiна. Малдова перадала Беларусі экс-супрацоўніка спецслужбаў Аляксандра Балана, Расіі — грамадзянку РФ Ніну Папову.
