У Мінску затрыманая група па падазрэнні ў махлярстве з нерухомасцю. Да аперацыі былі прыцягнутыя байцы атрадаў спецназа “Алмаз” і “Граніт”. Пра гэта паведамілі ў МУС.
“Затрыманыя шасцёра фігурантаў. Сярод іх – адзін з лідараў крымінальнага асяроддзя Беларусі, астатнія неаднаразова судзімыя за махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, крадзяжы і іншыя злачынствы. У схеме таксама ўдзельнічаў прадстаўнік аднаго са сталічных агенцтваў нерухомасці”, – гаворыцца ў паведамленні МУС.
Паводле версіі міліцыі, зламыснікі рэалізавалі распаўсюджаную схему. Яны падшуквалі ўласнікаў кватэр, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і маюць запазычанасці па камунальных плацяжах. Іх пераконвалі абмяняць жыллё на больш таннае з даплатай. Пацярпелым куплялі пакоі ў кватэрах. Пры гэтым цана нерухомасці, якая прадавалася, штучна заніжалася, а той, што набывалася, завышалася.
“Асноўную частку прыбытку ўдзельнікі групы прысвойвалі і размяркоўвалі паміж сабой, астатняе адпраўлялі ў Расію для папаўнення так званага зладзейскага абшчаку”, – дадалі ў МУС.
Распачатыя крымінальныя справы па артыкулах за махлярства. Чацвёра фігурантаў ужо заключаныя пад варту. Астатнія змешчаныя ў ІЧУ.


