Сярэдні заробак у маі перавысіў 3000 рублёў

Галоўнае
Фото: Reform.by

Сярэдні заробак у маі вырас на 50,6 рубля. Ён склаў 3003,5 рубля да выплаты падаходнага падатку. Пра гэта паведаміў Белстат.

Папярэдні раз сярэдні па краіне перавышаў 3000 рублёў па выніках снежня. Тады ён склаў 3112,7 рубля, аднак на снежаньскі паказчык значны ўплыў аказваюць выплаты прэмій, гадавых бонусаў і трынаццатых заробкаў.

У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак па краіне вырас на 7,5% у параўнанні з маем мінулага года.

У Мінску майскі сярэдні заробак склаў 3891 рубель, павялічыўшыся за месяц толькі на 1,6 рубля. У рэальным выражэнні сталічны сярэдні заробак за год павялічыўся на 5,2%. У Мінскай вобласці сярэдні заробак у маі перавысіў 3000 рублёў. У Гродзенскай вобласці ён быў большы за 2700 рублёў. Самым нізкім быў сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 2551,8 рубля, павялічыўшыся за год у рэальным выражэнні на 7,8%.

Першае месца ў зарплатным рэйтынгу ў маі займалі работнікі пасажырскага паветранага транспарту. Іх сярэдні заробак склаў 8034,6 рубля. На другім — прадстаўнікі IT з 7201 рублём, на трэцім — работнікі дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання з 7137 рублямі.

Самы нізкі заробак сярод галін, паводле даных Белстата, атрымлівалі ў маі работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці. Ён склаў 1698,6 рубля. Работнікі музеяў, бібліятэк і архіваў мелі 1832,9 рубля, а творчай дзейнасці і забаў — 1953,6 рубля.

Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў маі 2656,1 рубля, у жывёлагадоўлі — 2526,6 рубля. У апрацоўчай прамысловасці сярэдні заробак склаў 3057,3 рубля, а ў горназдабыўной — 4979,8 рубля.

У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 3806,3 рубля, а ў рознічным гандлі — 2396,3 рубля.

Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 2523,9 рубля, а ў адукацыі — 2212,5 рубля.

Сярэдні заробак у маі перавысіў 3000 рублёў

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.