Сярэдні заробак у ліпені вырас на 67,9 рубля. Ён склаў 3172 рублі да выплаты падаходнага падатку. Пра гэта паведаміў Белстат.
У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак па краіне вырас на 9,1% у параўнанні з ліпенем мінулага года.
У Мінску ліпеньскі сярэдні заробак склаў 4116,3 рубля, павялічыўшыся за месяц на 61,9 рубля. У рэальным выражэнні сталічны сярэдні заробак за год павялічыўся на 6,1%. У Мінскай вобласці сярэдні заробак у ліпені перавысіў 3200 рублёў. У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ён быў большы за 2800 рублёў. Самым нізкім быў сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 2684,8 рубля, павялічыўшыся за год у рэальным выражэнні на 10,2%.
Першае месца ў заробкавым рэйтынгу ў ліпені займалі работнікі пасажырскага паветранага транспарту. Іх сярэдні заробак склаў 10427,5 рубля. На другім — работнікі дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання з 8186 рублямі, а на трэцім прадстаўнікі IT з 7666 рублямі.
Самы нізкі заробак сярод галін, паводле даных Белстата, атрымлівалі ў ліпені работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці. Ён склаў 1836,3 рубля. Работнікі музеяў, бібліятэк і архіваў мелі 1916,2 рубля, а сацработнікі — 2007,8 рубля.
Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў ліпені 3002,8 рубля, у жывёлагадоўлі — 2628,9 рубля. У апрацоўчай прамысловасці сярэдні заробак склаў 3238 рублёў, а ў горназдабыўной — 5298,8 рубля.
У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 4054,7 рубля, а ў рознічным гандлі — 2541,2 рубля.
Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 2621,7 рубля, а ў адукацыі — 2176 рублёў.

