Жыхар Светлагорска на матацыкле змог уцячы ад інспектараў ДАІ. Аднак у выніку яго затрымалі і прыцягнулі да адказнасці. Пра выпадак расказалі ва УУС Гомельскага аблвыканкама.
Супрацоўнікі ДАІ падалі сігнал аб спыненні матацыкла. Аднак кіроўца яго праігнараваў і паскорыўся. Пачалася пагоня. Матацыкліст спрабаваў уцячы ад міліцыянераў не толькі па праезнай частцы, але і выязджаў за яе межы, зразаў вуглы праз палі. У выніку інспектары вырашылі спыніць пераслед “з мэтай недапушчэння далейшага стварэння аварыйнай сітуацыі і выключэння сур’ёзных траўм як для самога парушальніка, так і для іншых удзельнікаў дарожнага руху”.
Разам з тым пра парушальніка яны не забыліся. Былі вывучаныя запісы з камер маніторынгу грамадскай бяспекі. Асобу матацыкліста ўстанавілі, пасля чаго яго затрымалі, мяркуючы па кадрах, на прахадной прадпрыемства.
Парушальнікам быў 24-гадовы мужчына. Ён не меў вадзіцельскіх правоў на кіраванне матацыклам. У дачыненні да маладога чалавека складзена 8 адміністрацыйных матэрыялаў. Яго змясцілі ў ІЧУ.
