Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі з пачатку сваёй кадэнцыі надаў польскае грамадзянства 62 замежнікам. Як вынікае з даных, атрыманых парталам Gazeta.pl, сярод іх два грамадзяніны Беларусі.
Па стане на 13 жніўня польскае грамадзянства атрымалі грамадзяне 13 краін. Больш за ўсё сярод іх грамадзян Украіны, далей ідуць грамадзяне Ізраіля і В’етнама.
На 13 жніўня спіс выглядаў наступным чынам:
- Беларусь — 2 чалавекі,
- Балгарыя — 1 чалавек,
- Егіпет — 1 чалавек,
- Іспанія — 1 чалавек,
- Ізраіль — 8 чалавек,
- Германія — 1 чалавек,
- Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 1 чалавек,
- Славакія — 1 чалавек,
- Злучаныя Штаты Амерыкі — 1 чалавек,
- Туніс — 1 чалавек,
- Турцыя — 2 чалавекі,
- Украіна — 36 чалавек,
- В’етнам — 6 чалавек.
Гэтыя даныя датычацца як дарослых, так і непаўналетніх дзяцей.
У той жа час Наўроцкі афіцыйна адмовіў у наданні польскага грамадзянства 64 людзям.
Гаворка ідзе пра грамадзянства, якое надаецца непасрэдна прэзідэнтам у рамках спецыяльнай, дыскрэцыйнай працэдуры. У звычайным парадку польскае грамадзянства надаецца ваяводам пры выкананні ўстаноўленых законам умоў.
Для параўнання, у 2025 годзе польскае грамадзянства па розных працэдурах атрымалі больш за 19 тысяч замежнікаў. Каля 10 тысяч з іх былі грамадзянамі Украіны, яшчэ прыкладна 6,5 тысячы — грамадзянамі Беларусі.
Як адзначае партал, Наўроцкі прыкметна радзей надае грамадзянства, чым яго папярэднікі. За 10 гадоў прэзідэнцтва Анджэй Дуда надаў польскае грамадзянства амаль 20,5 тысячам чалавек, у сярэднім больш як 2 тысячам чалавек у год. Пры Браніславе Камароўскім за 5 гадоў грамадзянства атрымалі каля 12,7 тысячы замежнікаў.
Наўроцкі таксама ўзгадніў адмову ад польскага грамадзянства для 322 чалавек. Яшчэ ў 45 выпадках прэзідэнт адмовіў у такой згодзе.
