Ціханоўская: Незалежнасць – гэта тое, што можа аб’яднаць усіх беларусаў

Галоўнае
Светлана Тихановская. Фото: t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у дзень 35-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990 года.

Яна падкрэсліла, што ідэя незалежнасці можа аб’яднаць усіх беларусаў, і выказалася за правядзенне нацыянальнага дыялогу.

“Дарагія беларусы! Сёння мы адзначаем 35 гадоў з дня аднаўлення незалежнасці Беларусі. Пра сваю дзяржаву марылі многія пакаленні беларусаў. За яе змагаліся, сядзелі ў турмах, ішлі ў выгнанне. І толькі нашаму пакаленню пашанцавала жыць у сваёй незалежнай краіне. Магчыма, таму доўгі час мы ўспрымалі незалежнасць як нешта натуральнае, як тое, што ўжо нікуды не знікне. Сёння мы разумеем, наколькі яна крохкая.

Мы бачым гэта на прыкладзе Украіны, якая плаціць страшную цану за права заставацца незалежнай. Бачым гэта і ў Беларусі, дзе Расія ўсё глыбей пранікае ў вайсковую эканамічную інфармацыйную і культурную прастору. І сёння пытанне стаіць вельмі востра: ці зможам мы захаваць Беларусь сапраўды незалежнай краінай?

Незалежнасць гэта права самім вызначаць свой лёс выбіраць сваіх лідараў, гаварыць на сваёй мове, вучыць дзяцей сваёй гісторыі і самім вырашаць, з кім сябраваць і ў якія саюзы уваходзіць і ведаць, што рашэнне пра Беларусь прымаецца ў Беларусі, а не ў Маскве.

Без незалежнасці не будзе ні свабоды, ні дэмакратыі не будзе і будучыні. І мне здаецца, што незалежнасць – гэта тое, што сёння можа яднаць усіх беларусаў тых, хто быў на вуліцах, у 2020-м і тых, хто не выходзіў. Тых, хто жыве ў Беларусі і тых, хто быў вымушаны з’ехаць. Людзей розных палітычных поглядаў, нават тых, хто сёння знаходзіцца па розныя бакі барыкадаў.

І я хачу асобна звярнуцца да людзей унутры сістэмы да чыноўнікаў, дыпламатаў, вайскоўцаў. Я ведаю, што сярод вас шмат тых, хто шануе Беларусь і разумее небяспеку страты незалежнасці. Хто не хоча, каб Беларусь уцягнулі ў вайну, каб нашыя дзеці паміралі за чужыя імперскія амбіцыі дыктатараў. І тут у нас ёсць агульны інтарэс – захаваць сваю краіну.

Менавіта таму нам патрэбны нацыянальны дыялог, каб спыніць рэпрэсіі, мірна вывесці краіну з крызісу і захаваць Беларусь як незалежную дзяржаву.

Безумоўна, многае залежыць ад таго, што адбудзецца ва Украіне. Моцная Украіна і слабая Расія дадуць нам шанец вырваць Беларусь з расейскай арбіты. Так, у нас шмат сяброў і саюзнікаў, якія гатовыя дапамагчы, але ніхто не здабудзе нам свабоду замест нас, беларусаў. Гэта наша адказнасць і нашая задача.

Гісторыя ўжо паказала: мы ўмеем знаходзіць выйсце нават у самыя складаныя часы, калі вырашаецца лёс краіны. І 25 жніўня 1991 года – адзін з такіх дзён. З Днём аднаўлення незалежнасці. Дарагія беларусы! Жыве Беларусь!” – сказала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.