Ругінене дапусціла літоўска-беларускую сустрэчу на ўзроўні намесніка міністра, але вылучыла ўмовы

Галоўнае
Фото: правительство Литвы

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене дапускае, што літоўска-беларуская сустрэча на ўзроўні намеснікаў міністра замежных спраў можа адбыцца, але для гэтага спатрэбіцца выкананне некалькіх умоў. Пра гэта яна заявіла, каментуючы выказванні спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, які сказаў, што такая сустрэча неабходная, як і транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву.

«З пасланнікам ЗША ні на якім узроўні не гаварылі пра транзіт угнаенняў праз Літву. Мы гаварылі пра шары, пра вяртанне грузавікоў, пра нелегальную міграцыю — пра гэта мы сапраўды гаварылі, паколькі гэта нашы ўмовы для сустрэчы з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў», – сказала яна, перадае LRT.

Трэба адзначыць, што Коўл у інтэрв’ю LRT гаварыў пра перамовы паміж Вільнюсам і Мінскам без выстаўлення ўмоў.

Тэлеканал таксама прыводзіць умовы, якія назвала Ругінене:

  • праз мяжу не павінны запускацца метэаралагічныя шары, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды;
  • павінны быць вернуты ўсе грузавікі без якіх-небудзь дадатковых збораў або фінансавых штрафаў;
  • Беларусь павінна не дапускаць нелегальных мігрантаў праз мяжу.

«Мы гаворым толькі пра сустрэчу тэхнічнага характару, прызначаную для абмену пазіцыямі. Такая сустрэча можа адбыцца пасля выканання гэтых умоў», – патлумачыла Ругінене.

Яна падкрэсліла, што зніжэнне паветранай кантрабанды цыгарэт адбылося ў тым ліку і з-за актыўнай барацьбы літоўскіх органаў з кантрабандыстамі. Кіраўніца ўрада Літвы нагадала, што праца Віленскага аэрапорта таксама прыпынялася. Грузавікі ж выпускаюцца толькі пасля спагнання платы.

«Што тычыцца угнаенняў, мы не можам нічога абмяркоўваць, таму што цяпер дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага саюза», – заявіла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.