Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл у інтэрв’ю LRT заявіў, што спадзяецца на пачатак дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністра замежных спраў. Таксама, на яго думку, беларускія калійныя ўгнаенні павінны праходзіць праз Літву.
“Так, я думаю, так і павінна быць. Мы з прэзідэнтам Трампам не верым у папярэднія ўмовы. Вось у што мы верым: трэба сесці і пагаварыць. Калі гэта не спрацуе, тады трэба ўстаць і сысці. Але я думаю — я спадзяюся — што Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялог на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Нам трэба спыніць тое, што замінае жыццю з абодвух бакоў”, – сказаў Коўл.
У яго спыталі, ці павінен гэта быць дыялог на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў. Раней на такім фармаце настойвалі ў Мінску.
“Так, я б хацеў. Я б хацеў, каб яны пачалі вырашаць праблемы паміж сабой, каб мы маглі наладзіць гандаль паміж дзвюма краінамі, гандаль з Еўропай і з Злучанымі Штатамі. Напрыклад, калійныя ўгнаенні з Беларусі павінны праходзіць праз Літву, і гэта адкрыла б для іх доступ у Еўропу — аж да Злучаных Штатаў”, – адказаў Коўл.
Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што абмяркоўвае з амерыканскім бокам у тым ліку і продаж Нежынскага ГАК, які вырабляе калійныя ўгнаенні. Коўлу было зададзена пытанне аб наяўнасці ў ЗША эканамічнага інтарэсу да беларускага калію.
“Так. Я размаўляў з Брук Ролінз, яна міністр сельскай гаспадаркі ЗША, мы абмеркавалі гэта, і яна сказала, што для Злучаных Штатаў было б вельмі выгадна, калі б мы таксама атрымлівалі ўгнаенні”, – сказаў ён.
На думку Коўла, Літва не павінна выстаўляць беларускаму боку ніякіх дадатковых умоў.
“Ну, я ўжо год вяду з ім перамовы без папярэдніх умоў, і паспяхова. Паслухайце, у свеце шмат добрых і дрэнных людзей. Але чым больш яны размаўляюць, тым лепш. Прэзідэнт Трамп ездзіў у Паўночную Карэю. Ён нават двойчы размаўляў з мэрам Нью-Ёрка, які з’яўляецца поўнай супрацьлегласцю Трампа. Але яны сустрэліся. І вось як гэта і робіцца — праз зносіны. Вы нічога не даб’яцеся, выстаўляючы папярэднія ўмовы, якія павінны быць выкананы“, – сказаў ён.
Адказваючы на пытанне аб магчымым візіце Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША, Коўл паведаміў, што пытанне яшчэ абмяркоўваецца.
Спецпасланнік таксама заявіў, што ў ЗША хацелі б бачыць прэзідэнта Літвы, а таксама ўдзел Вільнюса ў Савеце міру.
