На расійска-латвійскай мяжы выявілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. 12,5 тысячы пачкаў знайшлі ў вагоне са бурачным жомам.
Расійскія мытнікі і памежнікі праверылі грузавы цягнік на мытным пасту «Посінь» на выездзе ў Латвію. У адным з вагонаў пад невялікім слоем кармавой дабаўкі былі схаваныя 25 брыкетаў з цыгарэтамі беларускай вытворчасці.
Кошт цыгарэт ацэньваецца ў больш як 1,9 млн расійскіх рублёў (25,7 тысяч долараў). Узбуджаная крымінальная справа паводле артыкула аб кантрабандзе стратэгічна важных тавараў, паведамляе Паўночна-заходняе мытнае ўпраўленне ФМС РФ.
Яшчэ адну партыю беларускіх цыгарэт знайшлі на складзе ў Пскоўскай вобласці РФ. Кошт 224 тысяч пачкаў цыгарэт ацэньваецца ў 34 млн расійскіх рублёў (460 тысяч долараў).



🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
