Узбекскія ўлады расказалі пра планы сумесных праектаў з Беларуссю па выніках візіту Шаўката Мірзіёева ў Мінск. 15 ліпеня Мірзіёеву прадставілі прэзентацыю па рэалізацыі дамоўленасцяў аб пашырэнні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Па выніках візіту Мірзіёева ў Беларусь 8–9 ліпеня бакі дамовіліся давесці аб’ём узаемнага гандлю да 2 млрд долараў і рэалізаваць 310 сумесных праектаў коштам 2 млрд долараў у сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, тэкстыльнай прамысловасці, дрэваапрацоўкі і аховы здароўя.
«Для размяшчэння інвестыцыйных праектаў у Беларусі прапанаваны прамысловыя аб’екты і дзяржаўная маёмасць, маюцца шырокія сельскагаспадарчыя плошчы. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі краіны складаюць 8 мільёнаў гектараў і займаюць каля 40 працэнтаў яе тэрыторыі.
Гэтыя магчымасці ствараюць трывалую аснову для арганізацыі сумесных вытворчасцяў, развіцця аграрнай кааперацыі, пашырэння дзелавых сувязяў і арганізаванага працаўладкавання грамадзян», — адзначае прэс-служба Мірзіёева.
Віцебская і Андыжанская вобласці зацвердзілі «дарожную карту» супрацоўніцтва і прыступілі да рэалізацыі сумесных ініцыятыў.
Бакі плануюць новыя праекты на базе 11 жывёлагадоўчых комплексаў, кожны з якіх разлічаны на ўтрыманне ад 200 да 3000 галоў буйной рагатай жывёлы.
Пры ўдзеле кампаніі «Андыжон інвест» прымаюцца меры па запуску інвестыцыйных і сацыяльных ініцыятыў на базе буйнога жывёлагадоўчага комплексу і санаторыя.
У Віцебскай і іншых абласцях сфарміраваны пакет з 30 праектаў агульным коштам больш за 100 млн долараў у сферах жывёлагадоўлі, дрэваапрацоўкі, лагістыкі, гандлю і паслуг. Плануецца будаўніцтва малочнага комплексу на 3000 галоў, прадпрыемства па глыбокай перапрацоўцы драўніны і вытворчасці пелет. Сродкі на будаўніцтва будуць выдзелены на льготных умовах.
Мірзіёеў даручыў распаўсюдзіць мадэль супрацоўніцтва паміж Віцебскай і Андыжанскай абласцямі на іншыя рэгіёны. Бухарская, Кашкадар’інская, Наваійская, Наманганская, Ташкенцкая, Ферганская, Самаркандская і Сурхандар’інская вобласці Узбекістана будуць замацаваны за Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцямі Беларусі.
Да канца года ў супрацоўніцтве з БЧ плануецца ўвесці ў эксплуатацыю інтэрмадальны лагістычны цэнтр у Оршы, які будзе абслугоўваць экспартна-імпартныя грузы на льготных тарыфных умовах. Таксама плануецца наладзіць прамыя зносіны блок-цягнікоў паміж Беларуссю і Узбекістанам.
Асаблівая ўвага была нададзена працаўладкаванню грамадзян Узбекістана ў Беларусі. Першыя 255 чалавек прыбылі ў Віцебскую вобласць 13 ліпеня, але ўжо хочуць вярнуцца на радзіму праз нізкія заробкі.