Літоўскі палітык і дэпутат Саўлюс Скверняліс заявіў, што яго запрашалі ў Беларусь. Паводле яго слоў, ён атрымаў два лісты ад нібыта журналісткі з Беларусі, у якіх яму прапаноўвалася пакінуць Літву праз «палітычны пераслед».
Саўлюс Скверняліс раней займаў пасаду прэм’ер-міністра Літвы, а таксама быў лідарам партыі «Дэмакратычны саюз «У імя Літвы». Аднак сёння ён з’яўляецца радавым дэпутатам Сейма і падазраваным па справе аб карупцыі. Ён вымушаны насіць бранзалет, усталяваны праваахоўнымі органамі, што ўжо выклікала непрыемныя для яго сітуацыі ў парламенце, калі прылада спрацоўвала ў будынку і прымушала дэпутата пакідаць пасяджэнні.
Паводле слоў Скверняліса, прапановы паступалі яшчэ да таго, як яму прад’явілі абвінавачанні, а Сейм пазбавіў яго недатыкальнасці ў дачыненні да дадзенай справы.
«Мяне запрасілі прыехаць у Беларусь — сур’ёзна. Я атрымаў два эл. лісты ад грамадзянкі Беларусі, журналісткі, гэта было яшчэ да ўсіх працэсаў тут, да прад’яўлення падазрэнняў, было напісана, што, паводле іх звестак, я знаходжуся пад падазрэннем, пачнецца палітычны пераслед, таму мяне запрашаюць у Беларусь, дзе створаць усе ўмовы, магчымасці, дадуць рэсурсы, фінансы для мяне і сям’і», — распавёў палітык, перадае Delfi.
Скверняліс дадаў, што палічыў лісты правакацыяй і пераслаў іх у Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі. У ДДБ пацвердзілі, што атрымалі зварот ад палітыка, але каментаваць не сталі.
Нашэнне электроннага бранзалета было прадпісана судом Сквернялісу праз «фармальнае парушэнне», як кажа ён сам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі літоўскіх СМІ, прычынай стала яго зносіны з іншай фігуранткай справы.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі нядаўна схаваўся адыёзны актывіст і бізнесмен Антанас Кандротас (Цэлафанас), абвінавачаны ў фінансавых злачынствах. У Беларусі таксама знайшлі прытулак прарасійскія актывісты з Літвы і Латвіі. Акрамя таго, у Мінск уцёк і польскі суддзя Томаш Шмідт, які меў праблемы з законам.