У Міністэрстве прыроды высветлілі прычыну “знікнення” ляснога возера каля мемарыяла «Дальва» ў Лагойскім раёне. Паводле інфармацыі ведамства, праверка паказала, што абмяленне вадаёма адбылося з-за засмечвання трубы вадасцёку.
Пасля звароту спецыялісты Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з работнікамі лясной гаспадаркі і супрацоўнікамі РУП «ЦНДІКІВР» выехалі на месца. Вадаём знаходзіцца на тэрыторыі Акалоўскага лясніцтва Лагойскага лясгаса. Праверка паказала, што труба прапускнога вадасцёку аказалася засмечанай. З-за гэтага вада пачала шукаць новае рэчышча і падмыла дамбу, што прывяло да рэзкага абмялення возера. Цяпер сітуацыя знаходзіцца на кантролі кіраўніцтва камітэта.
“У найбліжэйшы час, пасля ўстанаўлення балансатрымальніка трубы, які зоймецца яе аднаўленнем, возера ўтворыцца зноў шляхам натуральнага напаўнення”, – запэўнілі ў міністэрстве.
Раней пра знікненне штучнага вадаёма распавёў Onlíner мясцовы жыхар. Паводле яго слоў, яшчэ ў нядзелю вадаём быў на месцы, а ўжо да аўторка вада практычна цалкам сышла. Размешчаныя побач гідратэхнічнае збудаванне і дамба даўно закінутыя. Мужчына выказаў здагадку, што вадасцёк мог забіцца галінкамі і лісцем, з-за чаго вада пачала пералівацца і размыла дамбу.
