У Шальчынінкскім раёне Літвы памежнікі выявілі ў аўтамабілі мясцовай жыхаркі тайнікі з беларускімі цыгарэтамі. Кошт партыі з улікам абавязковых падаткаў ацанілі ў 5510 еўра.
Супрацоўнікі пагранзаставы Гінтараса Жагуніса спынілі VW Golf для праверкі на дарозе Дзевянішкес-Шальчынінкай днём 1 верасня. Месца знаходзіцца на выездзе з так званай Дзевянішкскай пятлі, якая з усіх бакоў акружаная тэрыторыяй Беларусі. На гэтым участку памежнікі правяраюць усіх людзей і транспарт. За рулём была 30-гадовая жыхарка Шальчынінкскага раёна.
Западозрыўшы, што ў аўтамабілі можа знаходзіцца нелегальны груз, памежнікі даставілі аўто на дэталёвы агляд. Падчас праверкі ў салоне і багажніку выявілі спецыяльна абсталяваныя тайнікі. У іх знаходзіліся 1000 пачак цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт з улікам усіх падаткаў, якія неабходна было б выплаціць у Літве, складае 5510 еўра.
У дачыненні да кіроўцы распачатая адміністрацыйная вытворчасць за перавозку падакцызных тавараў з парушэннем устаноўленага парадку. Ёй пагражае штраф ад 5200 да 6000 еўра, а таксама канфіскацыя аўтамабіля. Разгляд адміністрацыйнай справы прызначаны праз два тыдні. Да гэтага цыгарэты і аўтамабіль застаюцца на захоўванні ў пагранічнай заставе, паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
