Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі ў жніўні дасягнулі 10,3 тыс. адзінак. Гэта найлепшы месячны паказчык сёлета. Як паведамляе БАА, аб’ём рэалізацыі вырас на 7% у параўнанні з ліпенем гэтага года і на 71,6% – у параўнанні са жніўнем мінулага.
Доля аўтамабіляў беларускай вытворчасці ў жніўні вырасла на 6,4 п.п. да 68%.
“Самай прадаванай мадэллю рынку другі месяц запар застаецца BELGEE X50+. Па выніках жніўня практычна кожны шосты аўтамабіль, набыты ў Беларусі, прыйшоўся менавіта на гэтую мадэль”, – адзначылі ў БАА.
У жніўні на долю “зялёных” аўтамабіляў прыйшлося 3,9 тыс. адзінак.
«Па выніках васьмі месяцаў 2026 года можна гаварыць пра захаванне высокага попыту на новыя аўтамабілі. У гэтых умовах важна забяспечыць далейшую даступнасць набыцця аўтамабіляў для фізічных асоб з сярэднім узроўнем даходу, у тым ліку за кошт захавання эфектыўных праграм крэдытавання.
Асобнай увагі патрабуе развіццё інфраструктуры для электрамабіляў. Сегмент працягвае расці, аднак для паўнавартаснага выкарыстання электратранспарту, асабліва пры далёкіх паездках па краіне, неабходная больш шырокая і прадказальная сетка зарадных станцый.
Пры гэтым рынак электрамабіляў паступова выходзіць на новы этап. Сабекошт іх вытворчасці ўсё больш набліжаецца да ўзроўню аўтамабіляў з традыцыйнымі рухавікамі. У гэтай сувязі з 2027 года ўяўляецца мэтазгодным разгледзець пытанне аб адмене льготы па ПДВ для электрамабіляў і гарманізацыі ўмоў рэгулявання з Расійскай Федэрацыяй.
Такі падыход дазволіць стварыць больш збалансаваныя ўмовы канкурэнцыі, а таксама будзе спрыяць інвестыцыям у вытворчасць, лакалізацыю электрамабіляў і іх безбар’ерную рэалізацыю на рынку Саюзнай дзяржавы», – пракаментаваў вынікі жніўня гендырэктар “БелДжы” Генадзь Свідэрскі.
