Латвія падоўжыла аперацыю супраць нелегальнай міграцыі на мяжы з Беларуссю

Галоўнае
Фото: rs.gov.lv

Урад Латвіі падоўжыў яшчэ на месяц аперацыю Vilkatis, накіраваную на барацьбу з нелегальнай міграцыяй на ўсходняй мяжы краіны. Рашэнне было прынята 1 верасня, паведамілі у Дзяржаўнай пагранічнай ахове. У рамках аперацыі ўзмоцнена назіранне за латвійска-беларускай мяжой.

“Гэта мэтанакіраваны і скаардынаваны адказ Латвіі на гібрыдную пагрозу – інструменталізаваную нелегальную міграцыю з Беларусі. Яе мэта – значна скараціць колькасць незаконных перасячэнняў мяжы ва ўсходняй частцы Латвіі і прадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні”, – заявілі ў ведамстве.

Аперацыя пачалася 11 жніўня і першапачаткова павінна была завяршыцца ў верасні. Улічваючы шкоду пагранічнай інфраструктуры, нанесеную штормам 22-23 жніўня, і сітуацыю з незаконнымі перасячэннямі мяжы, было прынята рашэнне падоўжыць аперацыю па забеспячэнні бяспекі.

Паводле сцвярджэння латвійскіх уладаў, прычынай міграцыйнага ціску з’яўляецца «інструменталізацыя» міграцыі з боку Беларусі.

З пачатку аперацыі ў Латвіі затрымалі чатырох чалавек, падазраваных у перавозцы мігрантаў, прадухілена незаконнае перасячэнне мяжы больш чым 600 людзьмі. Акрамя таго, памежнікі выявілі і ліквідавалі два тунэлі, якія выкарыстоўваліся для арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.

У агульнай складанасці сёлета прадухілена незаконнае перасячэнне мяжы 10 436 людзьмі. Па фактах незаконнай перавозкі людзей праз мяжу і арганізацыі такой дзейнасці распачатая 131 крымінальная справа.

Аперацыю каардынуе Цэнтр крызіснага кіравання Дзяржаўнай канцылярыі Латвіі. У ёй удзельнічаюць Дзяржаўная пагранічная ахова, Дзяржаўная паліцыя і Нацыянальныя ўзброеныя сілы. Вайскоўцы і добраахвотнае апалчэнне Земесардзэ патрулююць мяжу, займаюцца назіраннем, лагістыкай і інжынернымі работамі. Памежнікі сумесна з паліцыяй выкарыстоўваюць геарадары для сканавання грунту на ўчастку мяжы з Беларуссю. Такім чынам яны спрабуюць выяўляць змены ў структуры глебы, якія могуць указваць на падземныя аб’екты або пустэчы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.