Пад варшаўскай плошчай Пілсудскага знайшлі акупацыйныя прапагандысцкія плакаты Другой сусветнай вайны з надпісамі на беларускай мове

Культура
Раскопкі на падмурках Саскага палаца. Фота: national-geographic.pl

Падчас археалагічных работ, якія праводзяцца пад варшаўскай плошчай Пілсудскага, даследчыкі выявілі старыя і часткова спаленыя прапагандысцкія плакаты часоў Другой сусветнай вайны. На іх змешчаны выява фюрэра і надпіс па-беларуску «Гітлер-асвабадзіцель».

Вядома, што падобныя друкаваныя выданні распаўсюджваліся акупацыйнай уладай на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь у межах Рэйхскамісарыята «Остланд». Іх мэта была інфармаваць мясцовае насельніцтва пра тое, што напад на Савецкі Саюз, здзейснены ў 1941 годзе, прынёс жаданае вызваленне ад савецкага рэжыму і Сталіна.

Такім чынам немцы спрабавалі заваяваць прыхільнасць мясцовага насельніцтва.

Пад варшаўскай плошчай Пілсудскага знайшлі акупацыйныя прапагандысцкія плакаты Другой сусветнай вайны з надпісамі на беларускай мове
Артэфакты Другой сусветнай вайны, знойдзеныя пад плошчай Пілсудскага. Фота: httpsx_Slawek_kulinski

«Ідэнтычныя выявы хадзілі па Украіне, але з украінскім надпісам», – патлумачыў Славамір Куліньскі, прэс-сакратар Саскага Палаца, з мэтай адбудовы якога і праводзяцца раскопкі.

«Пакуль невядома, як прапагандысцкі кантэнт з Беларусі патрапіў у Варшаву і хто яго спрабаваў спаліць», – расказаў Куліньскі журналістам.

Археолагі выявілі вялікую колькасць фрагментаў згарэлых плакатаў. Кулінскі растлумачыў, што, хутчэй за ўсё, плакаты былі скінутыя ў кучу і падпаленыя. У сярэдзіне стосу агонь напоўніцу не разгарэўся, таму фрагменты плакатаў ацалелі.

У бліжэйшы час знойдзеныя плакаты будуць перададзеныя ў рукі супрацоўнікаў Архіва новых дакументаў, дзе яны пройдуць працэс кансервацыі. Пасля артэфакты часоў Другой сусветнай вайны павінны ўзбагаціць калекцыі абраных сталічных гістарычных устаноў. Магчыма, яны трапяць у Музей Варшаўскага паўстання і Музей Варшавы.

«Мы абавязкова захаваем для сябе адзін асобнік, які ўзбагаціць нашу мемарыяльную палату ў казематах адноўленага палаца», – дадаў Куліньскі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.